
Фота з архіва
Навіны сюжэта
"Праект "Краіна гаворыць""
3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Страты рабочага часу істотна знізіліся за мінулы год. Аб гэтым расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Аляксейчык у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".
Паводле слоў прадстаўніка ФПБ, важнае пытанне для прафсаюзаў - маніторынгі занятасці ў арганізацыях. "Быў перыяд 2020-2021 год, калі сапраўды была сітуацыя з вымушанай няпоўнай занятасцю. Гэта быў кавідны перыяд. Таму тады былі лічбы крыху страшныя. Гэта ўсё негатыўна ўплывала на поўную занятасць. Але нашы прадпрыемствы ў такіх умовах вельмі хутка адаптаваліся. Іншых варыянтаў не было. Яны знайшлі новыя рынкі збыту, сітуацыя пачала паступова стабілізавацца. На сённяшні дзень праблема вымушанай няпоўнай занятасці не стаіць так востра ў арганізацыях", - расказаў Дзмітрый Аляксейчык.
Калі параўноўваць 2024 год з 2023-м, то назіраецца істотнае зніжэнне страт рабочага часу, адзначыў ён. "Выпадкі няпоўнай занятасці мелі адзінкавы характар. Гэта не сістэмныя сітуацыі, дзе на пастаяннай аснове няпоўная занятасць фіксуецца. Па мінулым годзе ў нас было ўсяго толькі 120 арганізацый, паводле даных нашага прафсаюзнага маніторынгу, дзе выяўляліся на працягу года выпадкі няпоўнай занятасці, - расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення. - Таму сітуацыя ў гэтай частцы з няпоўнай занятасцю стабілізавалася".

Аднак цяпер на рынку працы іншая праблема - дэфіцыт кадраў, дадаў ён. "Прафсаюзы не застаюцца ўбаку. У нас рэалізуецца ўжо другі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на скарачэнне дэфіцыту кадраў рабочых прафесій. Гэтыя комплексы мерапрыемстваў прымаюцца на пасяджэннях Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях і падпісваюцца нашымі сустаршынямі, - звярнуў увагу Дзмітрый Аляксейчык. - Для гэтага, перш за ўсё, паляпшаюцца калектыўныя дагаворы, ствараюцца ўмовы, каб работнікі заставаліся на прадпрыемствах. Стымулюем і ствараем разнастайныя ўмовы для таго, каб утрымаць работнікаў".-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.