Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2019, 17:12

ФПБ і Мінпрацы ўзмоцняць супрацоўніцтва ў галіне зніжэння вытворчага траўматызму

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Мінпрацы будуць сумесна каардынаваць работу органаў дзяржаўнага і грамадскага кантролю пры правядзенні маніторынгаў прадпрыемстваў і мерапрыемстваў для зніжэння вытворчага траўматызму. Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч перад нарадай па пытаннях прафілактыкі вытворчага траўматызму, якая завершыцца падпісаннем Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ФПБ і Мінпрацы ў гэтай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ірына Касцевіч адзначае, што ў Беларусі бяспечныя ўмовы працы - гэта прыярытэт. "На працягу шэрага гадоў мы дасягалі сур'ёзных вынікаў у зніжэнні вытворчага траўматызму. З 1992 года каэфіцыент частаты вытворчага траўматызму знізіўся больш як у 10 разоў", - сказала Ірына Касцевіч. Пры гэтым міністр адзначыла, што ў 2018 годзе колькасць траўмаў на вытворчасці значна ўзрасла, статыстыка бягучага года таксама выклікае заклапочанасць як у Мінпрацы, так і ў ФПБ.

Паводле даных Федэрацыі прафсаюзаў, толькі за восем месяцаў на вытворчасці ад няшчасных выпадкаў загінулі 96 чалавек, калецтва атрымалі 492. Для параўнання, за гэты ж перыяд мінулага года на вытворчасці загінулі 93 работнікі, былі цяжка траўміраваны 448.

Найбольш траўманебяспечнымі галінамі застаюцца апрацоўчая прамысловасць, будаўніцтва, транспарт і сельская гаспадарка. Тэхнічная інспекцыя працы ФПБ выявіла некалькі прычын траўматызму са смяротным канцом. У прыватнасці, наймальнікі не выконваюць абавязкі па стварэнні здаровых і бяспечных умоў. Самі пацярпелыя парушаюць дысцыпліну і правілы аховы працы. Супрацоўнікі дапускаюцца да работы без навучання і праверкі ведаў аб ахове працы. Таксама сярод прычын - канструктыўныя недахопы і знос абсталявання, эксплуатацыя няспраўных і ўстарэлых машын і механізмаў, недасканаласць тэхналагічнага працэсу.

Каб своечасова выявіць парушэнні і мінімізаваць колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, тэхнічная інспекцыя працы ФПБ толькі за шэсць месяцаў гэтага года правяла больш за 3 тыс. праверак і маніторынгаў аховы працы, было выяўлена звыш 25,5 тыс.парушэнняў. Прыпынена работа 967 станкоў, машын і іншага вытворчага абсталявання, эксплуатацыя якога стварала пагрозу жыццю і здароўю работнікаў. "Часам нават элементарнае невыкананне правіл прыводзіць да трагічных наступстваў. Толькі за гэты тыдзень зафіксаваны чатыры няшчасныя выпадкі на прадпрыемствах, тры з якіх - са смяротным канцом. Загінуў электраманцёр, работнік лесанарыхтоўкі і жывёлавод. Жыццё чалавека - самае дарагое і каштоўнае, на гэтым эканоміць нельга. Выконваць тэхніку бяспекі і ствараць бяспечныя ўмовы працы павінны і работнік, і наймальнік. Прафсаюзы бачаць неабходнасць змяніць шэраг заканадаўчых норм - мы будзем ініцыяваць такія прапановы", - сказаў на заканчэнне старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Супрацоўніцтва Мінпрацы і ФПБ накіравана, у першую чаргу, на прадухіленне няшчасных выпадкаў на рабочых месцах, у тым ліку шляхам абследаванняў прадпрыемстваў органамі дзяржаўнага і грамадскага кантролю. Гэтым займаюцца Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы і тэхнічная інспекцыя працы прафсаюзаў. "Наша задача - павысіць прафесійны ўзровень грамадскіх кантралёраў праз семінары, канферэнцыі і круглыя сталы. Падрыхтуем сумесную памятку, як праводзіць кантроль і на што звяртаць увагу. Таксама ўзмоцніцца стымуляванне спецыялістаў, якія ўзялі на сябе такую адказную работу. Яшчэ адзін важны напрамак - работа мабільных груп на ўсіх узроўнях. Каб якасна аказаць садзейнічанне прадпрыемству і сфармуляваць прапановы для ўстаранення праблем у сферы аховы працы, у мабільнай групе абавязкова павінен быць прафесіянал (дзяржінспектар або тэхнічны інспектар прафсаюзаў). Мы будзем каардынаваць свае дзеянні, каб тэхнічныя інспектары працы прафсаюзаў і нашы дзяржінспектары не хадзілі разам на адно і тое ж прадпрыемства. Трэба развесці рэсурсы", - падкрэсліла Ірына Касцевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі