ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 верасня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 чэрвеня 2021, 10:18

Фотавыстава БЕЛТА "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" праходзіць у Брэсцкай крэпасці

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае тэлеграфнае агенцтва ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" праводзіць фотавыставу "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік". Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з ёй у экспазіцыі "Абарона ўсходняга форта" па 24 чэрвеня, паведамляе БЕЛТА.

Фотавыстава "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" заснавана на аднайменным сумесным інтэрнэт-праекце БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праект расказвае пра лёсы загінулых і тых, хто прайшоў усю вайну, праслаўленых і самых звычайных - праз сапраўдныя асабістыя пісьмы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, паштовыя карткі, паштоўкі, адпраўленыя з агнявых рубяжоў родным, архіўныя фотаздымкі.

Вайна не адмяняла жыццё... У пісьмах салдаты апісвалі цяжкасці франтавога побыту, атакі, раненні, дзяліліся радасцю перамог і надзеямі на хуткую сустрэчу. У праекце раскрываецца сіла духу народа, які мужна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З пісьма Героя Савецкага Саюза Барыса Коўзана родным: "Мама і тата, паведамляю, што я не падкачаў і вам не будзе сорамна за сына... у паветраных баях збіў 24 самалёты, асабіста 4 тараны і 8 у групе". Барыс Коўзан - адзіны ў свеце лётчык-знішчальнік, які ў гады вайны ажыццявіў чатыры паветраныя тараны і застаўся жывым.

Пісьмы і фотаздымкі - сведчанні падзей, што закранулі лёс кожнай беларускай сям'і. Прадстаўленыя на выставе матэрыялы даюць нам, сучаснікам, магчымасць адчуць той трагічны час, далучыцца да лёсаў людзей, якім кожны дзень даводзілася адстойваць права на жыццё.

Сімвалічна, што напярэдадні трагічнай для мільёнаў людзей даты - 22 чэрвеня - фотавыстава "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" экспануецца ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой". Абаронцы крэпасці здзейснілі адзін з найвялікшых подзвігаў савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенныя гады гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці стала сімвалам гераізму і вернасці прысязе.-0-

Фота Вадзіма Якубёнка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі