Сцяг Субота, 19 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 чэрвеня 2025, 10:12

Фокус на праўду. V Форум медыйнай супольнасці Беларусі пройдзе 5-6 чэрвеня ў Гомельскай вобласці

5 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пяты форум медыйнай супольнасці Беларусі "Медыя сёння: фокус на праўду" збярэ прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з усіх рэгіёнаў краіны ў Гомельскай вобласці 5 і 6 чэрвеня. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на арганізатараў.

У гэтыя дні паўднёва-ўсходні рэгіён стане цэнтрам прыцягнення для журналістаў, экспертаў медыя, прадстаўнікоў блогасферы, ідэалагічнай вертыкалі і прэс-службаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання з усёй краіны. Тэма форуму ў гэтым годзе - роля праўдзівай і аб'ектыўнай інфармацыі ў сучасным свеце. Удзельнікаў чакае два насычаныя мерапрыемствы дня. Форум пройдзе на пляцоўках у шасці гарадах Гомельскай вобласці.

У праграме першага дня - тэматычныя панэльныя дыскусіі, на якіх эксперты рэспубліканскага значэння і рэгіянальныя спікеры ўзнімуць актуальныя тэмы. У прыватнасці, чаму менавіта праўда - у цэнтры ўвагі медыясупольнасці, як тэхналогіі мяняюць журналістыку і якія навыкі патрэбны акулам пяра будучыні, як адрозніць фэйк ад праўды і інш.

Фактычна адначасова панэльныя дыскусіі і экскурсіі адбудуцца ў Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Рагачове, Светлагорску і Жлобіне. Таксама ўдзельнікі форуму наведаюць гістарычныя мясціны, пабываюць на брэндавых прадпрыемствах рэгіёна. Напрыклад, горад на Прыпяці гатовы сустрэць з уласцівай мазырчанам шырынёй душы. Усіх чакае экскурсія па гістарычным цэнтры "Мазырскі замак" з прэзентацыяй натуральнага напітка, прыгатаванага па ўнікальнай рэцэптуры на мясцовым прадпрыемстве. Падрыхтаваны інтэрактыў і для гасцей Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У кожным горадзе - шмат цікавага для прадстаўнікоў мас-медыя.

Фішка другога дня - галоўная медыяпадзея года. 6 чэрвеня будзе раскрыта самая чаканая ў мас-медыйным асяроддзі інтрыга - на ўрачыстай цырымоніі ўзнагародзяць пераможцаў XXI Нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара". Ужо больш за 20 гадоў Міністэрства інфармацыі праводзіць гэты маштабны конкурс, па выніках якога ўшаноўваюць лепшых журналістаў краіны. Штогод гэта прафесійнае спаборніцтва набірае абароты. Так, на гэты раз была пададзена рэкордная колькасць заявак у 25 намінацыях. Хто будзе прызнаны лепшым з лепшых, стане вядома зусім хутка.

Арганізатарам форуму выступае Міністэрства інфармацыі пры садзейнічанні Гомельскага аблвыканкама.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі