Сцяг Аўторак, 10 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 чэрвеня 2021, 10:22

Фестываль "Вытокі" стартуе ў Оршы

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Культурна-спартыўны фестываль "Вытокі" стартуе ў Оршы з праграмай гісторыка-культурнай спадчыны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.

Сёння ўдзельнікі мерапрыемства правядуць выязны круглы стол у аграсядзібе "Малінаўка", дзе азнаёмяцца са старадаўнімі беларускімі абрадамі і правядуць дыскусію на тэму "Орша: традыцыі ў сучаснасці" (пачатак у 13.00).

У 17.30 у адным з самых вядомых будынкаў Оршы, Езуіцкім калегіуме, адбудзецца адкрыццё выставы "Кола часу" (вул. Леніна, 6), на якой будуць прадстаўлены работы вядомых беларускіх мастакоў, у наведвальнікаў таксама будзе магчымасць азнаёміцца і з выставай дзіцячага малюнка. Лепшыя творы дзяцей 5 чэрвеня будуць адзначаны дыпломамі і прызамі на галоўнай сцэне фестывалю.

Завершыцца першы дзень "Вытокаў" лекцыяй-прэзентацыяй на тэму "Сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва" і канцэртам арганнай музыкі Валерыя Шмата "Мой крок да Алімпа" (19.00, вул. Леніна, 21).

Фестываль прадоўжыцца 4 чэрвеня адукацыйнымі семінарамі для аўтараў маладзёжных творчых і інавацыйных праектаў (11.00, механіка-эканамічны каледж), а для прадстаўнікоў прадпрыемстваў рэгіёна на ўнікальным для ўсёй рэспублікі прадпрыемстве - Аршанскі льнокамбінат - адбудзецца форум "Капітал месца". Удзельнікі абмяркуюць распрацоўку і папулярызацыю нацыянальных і рэгіянальных брэндаў.

5 чэрвеня асноўная ўвага ў культурнай праграме "Вытокаў" будзе прыкавана да галоўнай сцэны фестывалю. Вакальны конкурс (пачатак у 16.00) абяцае адкрыць новыя імёны беларускай эстрады. Прафесійнае журы, у склад якога ўваходзяць вядомыя беларускія артысты Ірына Дарафеева, Валерый Шмат, Зіна Купрыяновіч, Гюнеш, Жанет, вызначыць лепшых маладых выканаўцаў. Маладыя таленты атрымаюць не толькі дыпломы і прызы, але і магчымасць далейшага творчага развіцця.

Завершыцца фестывальная праграма 5 чэрвеня вячэрнім гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў і гарачай дыскатэкай ад лепшых дыджэяў. Уваход на ўсе фестывальныя мерапрыемствы бясплатны.

Арганізатарамі фестывалю "Вытокі" з'яўляюцца Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ТАА "АртХаос" і ТАА "БелБрэндАўдыт".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі