
2 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Баранавічах сёння стартуе спартыўна-культурны фестываль "Вытокi. Крок да Алiмпу", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Эстафету ў трэцім сезоне праекта Нацыянальнага алімпійскага камітэта адзін з самых буйных раённых цэнтраў Беларусі прыняў у Жлобіна. На працягу двух дзён жыхароў і гасцей горада чакае яркая, насычаная рознымі падзеямі і мерапрыемствамі праграма.
У першы дзень фестывалю для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі будзе арганізаваны прэс-тур з наведваннем найбольш знакавых месцаў Баранавіцкага раёна. Журналісты пабываюць у Музеі чыгункі, буйнейшым у Беларусі зоаландшафтным парку, дзе жывуць больш за 100 відаў дэкаратыўных птушак і рэдкіх жывёл, высаджана больш за 80 відаў дрэў і кустоў.
Таксама 2 чэрвеня ў горадзе пройдуць семінары па алімпійскай адукацыі для спецыялістаў спартыўнай галіны. У Парку імя 30-годдзя УЛКСМ адбудзецца мастацкі інтэрактыў "Гуляйце з намі - малюйце самі" на тэму космасу. Вечарам публіку чакае спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага і паказ спартыўнай стужкі ў кінатэатры пад адкрытым небам.
Цэнтральнай пляцоўкай фестывалю 3 чэрвеня стане плошча Леніна. Тут фэст "Капітал месца" азнаёміць з гастранамічнымі асаблівасцямі, строем і абрадамі Брэстчыны. Выстава-продаж "Беларускія брэнды" прадставіць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку распрацаваную з удзелам НАН Беларусі.
Алімпійскі забег, у якім прымуць удзел каля 500 дзяцей да 9 гадоў, пяпярэднічае цырымоніі ўрачыстага адкрыцця. Пасля яго пачнецца адна з самых чаканых актыўнасцей - алімпійскі квест. Кожны жадаючы ва ўзросце да 14 гадоў атрымае магчымасць прыняць удзел у спартыўных конкурсах, праверыць свае магчымасці ў розных відах спорту, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы. Актыўнасці будуць арганізаваны на 50 пляцоўках. Таксама будзе прадстаўлена новая лакацыя - "Гульні нашага двара". У Баранавічах пройдзе фінал абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта "Вытокі. Quiz", у якім прымуць удзел каманды з кожнага раёна Брэсцкай вобласці. Праект прадоўжыцца ў кожным з гарадоў, дзе адбудуцца "Вытокі-2023".
У праграме другога дня таксама прэзентацыя калекцый адзення беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў "Роднае-моднае", новы конкурс песеннага тэксту "Вершы пра галоўнае". На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю вызначаць лепшых маладых выканаўцаў у вакальным конкурсе. Фестывальная праграма завершыцца гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады, маляўнічым феерверкам і дыскатэкай.
Брэстчына трэці раз прымае "Вытокі". Раней этапы спартыўна-культурнага фестывалю праходзілі ўжо ў Кобрыне і Століне. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ТАА "АртХаос" і ТАА "БелБрэндАўдыт" пры падтрымцы мясцовых органаў улады.-0-