Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 лістапада 2025, 11:00

Ёсць нават кінакадры прыезду Мікалая II у Бабруйск. Якія тайны захоўвае архіў у Дзяржынску

Будынак дзяржаўнага архіва з'явіўся ў Дзяржынску амаль 40 гадоў таму і адразу заінтрыгаваў гараджан адсутнасцю вокнаў на верхніх паверхах: "Муку, ці што, збіраюцца захоўваць?" А настаўнік Аляксандр Цюхай ужо ведаў: там будзе архіў. Але не здагадваўся, што прыйдзе сюды на работу праз некалькі гадоў і ўзначаліць сапраўдную рэвалюцыю ў архіваванні: кінафотафонадакументы пачнуць пераводзіць у лічбу.

Самы малады з архіваў


Той факт, што Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) з'явіўся ў Дзяржынску, лёгка тлумачыцца: па савецкай практыцы забеспячэння бяспекі захоўвання кінафотафонадакументаў такія аб'екты размяшчалі далей ад вялікіх гарадоў.

- Расійскі, напрыклад, знаходзіцца ў Краснагорску, што за 30 км ад Масквы. Наш будынак архіва пабудаваны ў Дзяржынску па праекце Ленінградскага архітэктурнага бюро, - тлумачыць дырэктар БДАКФФД Андрэй Ганчар і раскрывае тайну верхніх паверхаў без вокнаў: захоўванне кінафотафонадакументаў патрабуе асаблівай тэмпературы і вільготнасці.

БДАКФФД уваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі нараўне з іншымі архівамі. Тут захоўваюцца самыя розныя аўдыявізуальныя артэфакты: кіна-фота-фона.

- Гэта дакументы Архіўнага фонду Беларусі, прытым на розных носьбітах, - гаворыць Андрэй Мікалаевіч. - Самыя старыя з артэфактаў - фатаграфіі. У фондах архіва іх каля 300 тыс.

Дарогі, якія мы выбіраем

Новы імпульс архіўная справа атрымала з прыходам у свет IT-тэхналогій, калі кіно перайшло ў лічбавы фармат. Тады перад БДАКФФД паўстала задача алічбоўкі ўсіх аўдыя- і відэадакументаў, каб павялічыць іх захаванасць, даступнасць і магчымасць тыражавання. Ля вытокаў рэнавацыі быў загадчык аддзела алічбоўвання Аляксандр Цюхай.

- Па першай адукацыі я - настаўнік музыкі, па другой - настаўнік гісторыі. Абодва дыпломы атрымаў у Дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М.Горкага. І педагогам стаў невыпадкова: мама Ніна Макараўна таксама была настаўнікам. Яна ўбачыла ў мяне схільнасць да настаўніцтва, таму, калі пасля восьмага класа сабраўся паступіць у радыётэхнічны тэхнікум, параіла: "Не спяшайся, скончы спачатку школу!" У выніку я паступіў у педінстытут, пасля заканчэння якога працаваў у педвучылішчы, а потым у школе, - прыгадвае Аляксандр Сцяпанавіч.

Ён прызнаецца, што і далей прадаўжаў бы вучыць маладое пакаленне гісторыі і музыцы, калі б яму не выпаў шанц унесці свой уклад у захоўванне аўдыявідэадакументаў, у якіх увекавечана мінулае краіны і беларускага народа.

- Наша жыццё - гэта гісторыя. Я ўпэўнены: каб любіць сваю радзіму, трэба ведаць яе гісторыю ў развіцці. Наш архіў захоўвае яе ў кадрах і фотафонадакументах. На беларускім радыё, тэлебачанні, рэжысёрамі часта выкарыстоўваецца кінахроніка, фотадакументы, музычныя і літаратурныя творы з фондаў архіва, - гаворыць Аляксандр Цюхай і запрашае зайсці ў свой кабінет.

Прывітанне, 60-я!

У цэнтры кабінета - незвычайны агрэгат у выглядзе кінаапарата з дзвюма бабінамі плёнкі. Падобныя калісьці былі ў кожным кінатэатры і ў вясковым клубе, дзе па вечарах паказвалі фільмы. Але ў адрозненне ад стандартнага варыянта наша канструкцыя выглядае значна складаней: у адной звязцы задзейнічана шмат розных вузлоў, пультаў, відэакамера, манітор.

- Гэта кінаўстаноўка па перагонцы кіно ў відэа, - тлумачыць Аляксандр Цюхай і, уключаючы яе, удакладняе: - Так, не экспанат, а самая сапраўдная дзеючая тэхніка. Яна да гэтага часу ў рабочым стане: пераканайцеся самі!

Аляксандр Сцяпанавіч круціць ручку кінапраектара. Раздаецца лёгкае гудзенне - і на маніторы, падключаным да сістэмы перагону стужкі ў лічбу, з'яўляецца кіначасопіс "Савецкая Беларусь", які пераносіць у 1960-я гады. Такія стужкі паказвалі ў кінатэатрах перад праглядам мастацкіх фільмаў. "З канвеера Беларускага аўтамабільнага завода сышлі першыя 20-тонныя самазвалы. Прадпрыемства будзе выпускаць пяць відаў аўтамабіляў!" - бадзёра вяшчае дыктар, адводзячы кожнай навіне не больш за хвіліну.

- Такія дакументальныя фільмы дакладна і кампактна адлюстроўвалі час, - адзначае Аляксандр Цюхай.

Ён расказвае, як нараджалася цуда-машына для перагонкі кіно ў відэа:

- Усе дэталі шукаў сам. Вядома, не без дапамогі добрых людзей - тэлевізійшчыкаў, работнікаў са сферы продажаў, выкладчыкаў політэхнічнага інстытута і нават работнікаў МАЗа. Купілі відэакамеру. Першыя заказы і падарунак ад замежных заказчыкаў - відэамагнітафон. Кінаўстаноўку па алічбоўцы кінакадраў збіраў ужо сам. Можа, яна выглядае не зусім прэзентабельна, але галоўнае, што на ёй ствараецца якасны прадукт!

З часам дзякуючы з'яўленню тэхналогій перагонкі кіно з аналагавага фармату ў лічбавы з'явіўся цэлы аддзел алічбоўвання. Сёння БДАКФФД ужо мае ў сваім распараджэнні самую сучасную апаратуру па алічбоўцы кінаплёнак, фота- і фонадакументаў. Інфармацыя дубліруецца на дысках, LTO-картрыджах (стужачная бібліятэка) і вымяраецца ў дзясятках тэрабайтаў. Але цуда-апарат нашага беларускага Кулібіна да гэтага часу здзіўляе сваімі магчымасцямі.

Падарыце сямейны альбом

Многія дакументальныя фота, пласцінкі і кінакадры перадаюць у БДАКФФД звычайныя людзі. Аднойчы добрай якасці кінастужку з кадрамі канцлагера Асвенцім прынесла адна з вязніц, каб зрабіць копію кінадакумента на відэаносьбіце (яна захоўвала копію кінадакумента ў сябе дома). А нядаўна архіў папоўніўся ўнікальным сямейным альбомам легендарнага лётчыка пачатку ХХ стагоддзя беларуса Мікалая Кучэўскага. Цяпер па гэтых фота можна адсачыць зараджэнне авіяцыі ў нашай краіне.

У дзень нашага прыезду работнікі аддзела алічбоўвання зрабілі Аляксандру Сцяпанавічу сюрпрыз. Яны знайшлі запіс літаратурнай перадачы "Вобраз беларускага сучасніка" з фондаў нашага радыё, аўтар тэксту якой і выканаўца - дзядзька Аляксандра Цюхая. Павел Дзюбайла - беларускі літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Кабінет запаўняе прыемны мужчынскі голас: "Літаратура пільна ўглядаецца ў нашага сучасніка, і яна ўлавіла перамены, якія адбываюцца ў ім"... Аляксандр Сцяпанавіч прыслухоўваецца, і твар яго праясняецца:

- Гэта ж мой дзядзька Павел! Колькі часу ўжо мінула... Так, усё ж такі лічба не можа перадаць усю паўнату абертонаў, якія закладзены ў аналагу, - прызнае ён і запрашае нас у кабінет, дзе ідзе алічбоўка грампласцінак.

За пультам Павел Юран - нядаўні выпускнік факультэта радыёфізікі камп'ютарных тэхналогій БДУ.

- За 15 дзён алічбаваў ужо 200 пласцінак. У асноўным гэта беларускія песні, але ёсць і замежныя, - гаворыць ён.

Павел уключае гук, і раздаецца танцавальная музыка 1930-х гадоў. Гэта "Архідэі ў месячным святле" ў выкананні Гая Ламбарда і яго аркестра.

- Лічба - гэта даступнасць, хуткасць атрымання інфармацыі, але аналаг гучыць больш натуральна, - каменціруе розніцу паміж пласцінкай і яе алічбаванай копіяй Аляксандр Цюхай і раіць вучню: - Пакінь крыху пласціначнага патрэсквання. Інакш гук будзе залішне ідэальны, і мы не пачуем, што гэта - пласцінка. Яна ж жывая…

Кіно вярнула ў маладосць

Адборам матэрыялаў у архіве займаецца экспертная камісія, якая правярае і аналізуе паступаючыя дакументы.

- Які матэрыял у будучым будзе важным, сёння вызначыць вельмі складана. Напрыклад, раней часцей вывучалі ваенныя кадры, а цяпер - побыт. На наступны год каціравацца могуць ужо зусім іншыя тэмы. Можа адбыцца так, што спатрэбіцца зняць з паліцы той матэрыял, які наогул ніколі ніхто не браў! - гаворыць Аляксандр Цюхай.

У БДАКФФД наведваецца шмат даследчыкаў, зацікаўленых у той ці іншай дакументальнай інфармацыі. У дзень нашага прыезду, напрыклад, шукалі гістарычныя кадры і фота прадстаўнікі прадпрыемства хімічнай галіны. Шмат дзіўнага знаходзяць у кінафотадакументах і звычайныя людзі.

- Аднойчы жанчына, праглядаючы кадры хронікі ваенных гадоў, заплакала і расказала сваю гісторыю. Яна вучылася ў школе стралкоў, калі да іх прыехаў малады аператар здымаць падрыхтоўку будучых байцоў. Адна дзяўчына спадабалася яму больш, таму ён здымаў яе часцей за іншых. Той дзяўчынай і была наша госця. Ёй кінааператар таксама спадабаўся, але яны больш ніколі не ўбачыліся. Кіно вярнула жанчыну ў маладосць, - расказвае работнік архіва.

Аляксандр Цюхай прапануе: каго цікавіць  мінулае ў кадры, гуку і фота, прыязджайце ў БДАКФФД. Тут вас, як на машыне часу, адправяць у падзеі мінулых гадоў. Куды? Куды пажадаеце.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Тамара МАРКІНА,

Фота Таццяна МАТУСЕВІЧ,

газета "7 дней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі