Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 снежня 2022, 14:38

Эскізы гатовы, пачынаецца рабочае праектаванне. У НАН раскрылі падрабязнасці стварэння РБКА

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да гэтага часу завершана эскізнае праектаванне расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі звышвысокага распазнавання 0,35 м. Са студзеня 2023 года пачнецца так званае рабочае праектаванне, ідзе працэс заключэння кантрактаў з расійскімі прадпрыемствамі, якія будуць выконваць работы для такога праекта. Аб гэтым расказаў дырэктар прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Залатой у праекце "Па факце: рашэнні Першага" на YouTube-канале БЕЛТА.

Паводле яго слоў, Нацыянальная акадэмія навук таксама распрацавала праект адпаведнага ўказа Прэзідэнта. Дакумент праходзіць унутрыдзяржаўнае ўзгадненне з зацікаўленымі дзяржорганамі.

На стварэнне апарата, паводле ацэнкі спецыяліста, спатрэбіцца каля 5-6 гадоў, гэта значыць ён будзе гатовы прыкладна да 2028 года. Для яго трэба будзе стварыць унікальную оптыку, электроніку, тэхналогіі, што могуць працаваць з вельмі вялікімі патокамі інфармацыі. Акрамя таго, трэба яшчэ правесці вялікі аб'ём выпрабаванняў з пастаянным кантролем якасці. "Сам яго выраб вельмі моцна падштурхне прамысловасць і нашу, і расійскую", - падкрэсліў Сяргей Залатой. Напрыклад, оптыка-электронную апаратуру (тэлескоп) будзе рабіць беларускі "Пеленг".

Па камплектацыі апарат будзе на 90 працэнтаў айчынны, адзначыў спецыяліст. Наконт пастаўкі астатніх 10 працэнтаў з-за мяжы могуць узнікнуць складанасці з улікам санкцыйнай палітыкі асобных краін, але і тут Сяргей Залатой бачыць выйсце з сітуацыі. "Думаю, пакуль ён (касмічны апарат. - Заўвага БЕЛТА) будзе стварацца, за год-два, можа, і гэтыя 10 працэнтаў закрыем (сваімі сіламі. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў ён.

Што датычыцца кошту, то цана мэтавай апаратуры для такога апарата складае прыкладна трэць ад кошту ўсяго праекта - беларуска-расійскага, падкрэсліў спецыяліст. "Гэты праект падтрыманы на ўзроўні прэзідэнтаў (дзвюх краін. - Заўвага БЕЛТА). Яшчэ ў 2017 годзе была дадзена каманда. Але былі пэўныя складанасці з фінансаваннем, у першую чаргу з расійскага боку. Цяпер гэтыя пытанні вырашаны і праект ўжо набірае абароты. Спадзяюся, у студзені мы закантрактуемся і працэс пойдзе поўным ходам", - адзначыў Сяргей Залатой. Ён дадаў, што расійскі бок зробіць платформу для РБКА і забяспечыць запуск. Выкарыстоўвацца апарат будзе сумесна, на што ёсць адпаведныя дамоўленасці з "Раскосмасам".

"Гэты апарат з вышыні 500 км будзе фільм, ролік здымаць паўтарамінутны. Здымем фільм з космасу", - з доляй гумару заўважыў дырэктар прадпрыемства.

Ён растлумачыў, што цяпер у свеце ёсць толькі адзінкі касмічных апаратаў звышвысокага распазнавання. Спробы іх стварыць і запусціць бываюць, але не заўсёды ўдачныя. Напрыклад, нядаўна была спроба падняць на арбіту два еўрапейскія апараты, але запуск быў няўдачным і яны былі страчаны. Між тым кошт такіх касмічных устройстваў вельмі высокі. Некалькі гадоў таму Саудаўская Аравія аб'яўляла конкурс на стварэнне апаратаў такога класа, яго выйграла французская кампанія. Размова ішла аб двух апаратах з распазнаваннем 50 см. Бюджэт праекта ацэньваўся $800 млн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі