
11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі праекта "Экспертнае асяроддзе" ў час чарговага пасяджэння ў прэс-цэнтры БЕЛТА абмеркавалі, хто і чаму спрабуе хайпануць у аналітыцы.
Так, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Макараў бачыць паміж сапраўднай аналітыкай і прапагандай праслойку, якую б ён назваў безадказнай аналітыкай. "Гэтыя даклады, думкі, пазіцыі наўрад ці з'яўляюцца прапагандай. Вельмі складана зразумець, хто можа быць заказчыкам. У іх прыўносяцца наратывы, якія наогул складана ўвязаць з рэальнасцю, што ў маім разуменні проста сведчыць пра недахоп аналітычнай, спецыяльнай адукацыі. Гэта нейкія такія паўфабрыкаты", - сказаў ён.
На думку заснавальніка і дырэктара Савета па міжнародных адносінах "Мінскі дыялог" Яўгена Прэйгермана, такі хайп у інфармацыйнай прасторы іншым часам звязаны з элементарнай магчымасцю асобна ўзятага чалавека ствараць інфармацыйныя падставы, седзячы дома на канапе. "Часам гэта робіцца, калі людзям няма чым заняцца, часам каб самалюбства задаволіць. Іншым разам спосаб пошуку фінансаў, адсюль і кідкія ў вочы загалоўкі. Журналісты любяць менавіта такія загалоўкі", - адзначыў эксперт.
Палітолаг Юрый Шаўцоў лічыць, што ў сферы аналітыкі знаходзіць адлюстраванне сітуацыя нестабільнасці ў свеце. "У свеце ўсё прыйшло ў нестабільны стан. І гэта прывяло да таго, што ў палітычных істэблішментах усюды сёння пануе псіхалогія тактыкаў. Усе манеўруюць, стараюцца выжыць, не трапіць пад жорны, выкруціцца. Таму ў аналітычную супольнасць не прыходзіць імпульсаў для нейкіх рэальных стратэгічных распрацовак. Адсюль вельмі вялікая ўвага ў аналітычнай супольнасці да медыя. Яны даюць хоць нейкі кавалак хлеба. Але гэта скончыцца гадоў праз пяць-дзесяць", - прагназуе Юрый Шаўцоў.-0-