
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захварэць на грып можна некалькі разоў на працягу эпідэмічнага сезона, паведаміла журналістам загадчыца лабараторыі грыпу і грыпападобных захворванняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Шмялёва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адначасовая цыркуляцыя некалькіх вірусаў грыпу, сярод якіх адзін або некалькі могуць займаць лідзіруючае становішча, абумоўлівае тое, што за асенне-зімова-вясенні эпідэмічны перыяд чалавек можа некалькі разоў сустракацца з вірусамі грыпу і некалькі разоў захворваць. Аб гэтым трэба памятаць. Калі адзін раз захварэў на грып, гэта не значыць, што на працягу сезона не здольны захварэць яшчэ раз", - сказала Наталля Шмялёва.
Яна адзначыла, што існуе чатыры вірусы грыпу - А, В, С і D. Але менавіта вірусы грыпу А і В здольны да эпідэмічнага распаўсюджвання. З канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя адначасова ў папуляцыі сярод людзей цыркулююць чатыры падтыпы віруса грыпу: A(H1N1), А(H3N2), В/Ямагата і В/Вікторыя.
Навукова даказаным спосабам прафілактыкі з'яўляецца вакцынацыя, падкрэсліла Наталля Шмялёва. Вакцыны супраць грыпу прымяняюцца больш як 50 гадоў, таму добра апрабаваны, маюць высокі профіль бяспекі. Іх штамавы склад штогод актуалізуецца.-0-