Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 снежня 2019, 11:19

Эксперт: высокія штрафы не панацэя ад экалагічных парушэнняў

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Высокія штрафы не стануць панацэяй ад экалагічных парушэнняў. Такое меркаванне выказала загадчыца кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэта БДУ Тамара Макарава ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Экалогія: мода або патрэбнасць?" у прэс-цэнтры БЕЛТА.

На пасяджэнні абмяркоўваліся розныя меры, якія далі б магчымасць знізіць колькасць экалагічных парушэнняў, у тым ліку і павышэнне штрафаў. Аднак большасць экспертаў выказалася супраць гэтага, паколькі аднымі толькі пакараннямі пазітыўны экалагічны парадак дня стварыць нельга. "Штрафы - гэта не панацэя", - пераканана і Тамара Макарава. Яна лічыць, што кампенсацыйныя меры, якія ў Беларусі дзейнічаюць толькі ў частцы аховы жывёльнага і расліннага свету, павінны быць шырэйшымі. "Размова ідзе аб кампенсацыі ўрону, які наносіцца навакольнаму асяроддзю дазволенай правамернай дзейнасцю. Праводзячы папярэднюю ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, экаэкспертызы, арганізацыі павінны разумець, якія ёсць рызыкі забруджвання, якія кампенсацыі трэба будзе выплаціць нават з'яўляючыся законапаслухмяным прыродакарыстальнікам. У гэтым плане патрэбна растлумачальная работа. Ва ўказе аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці такія меры прадугледжаны", - нагадала эксперт.

Тамара Макарава ў час дыскусіі аб паляпшэнні зялёнага заканадаўства выказалася супраць распрацоўкі экалагічнага кодэкса. "У нашых умовах ён не спрацуе. Гэта будзе такі комплексны нарматыўны прававы акт, на распрацоўку якога спатрэбіцца вялікая колькасць юрыдычных, фінансавых і іншых намаганняў. Нават калі ён будзе прыняты, пакуль кодэкс пачне дзейнічаць, пакуль гэты махавік развернецца... Мы атрымаем такую колькасць калізій, якіх цяпер не маем", - перасцерагла яна. Вырашэнне праблемы ёй бачыцца ў тым, каб надаць закону аб ахове навакольнага асяроддзя асаблівы юрыдычны статус, прыняць яго як праграмны закон.

Як адзначалася на пасяджэнні, у беларускім грамадстве існуе вялікі попыт на вырашэнне праблем, звязаных з забруджваннем навакольнага асяроддзя. Праводзіліся адпаведныя сацыялагічныя даследаванні. Вынікі сведчаць аб тым, што для больш як 70 працэнтаў рэспандэнтаў яны ў той ці іншай ступені актуальныя.-0-

Новы выпуск праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Экалогія: мода або патрэбнасць?" глядзіце тут.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі