Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2024, 14:32

Эксперт: выпускнікі гэтага года спакойна рыхтуюцца да ЦЭ са сваімі школьнымі педагогамі

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выпускнікі гэтага навучальнага года спакойна рыхтуюцца да цэнтралізаванага экзамену са сваімі школьнымі педагогамі. Аб гэтым сказала ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Наталля Каліноўская.

"Для выпускнікоў мінулага навучальнага года цэнтралізаваныя экзамены прайшлі ўпершыню, для кагосьці гэта было даволі складана, для кагосьці - хвалююча. Калі дачакаліся вынікаў, уся школьная грамадскасць супакоілася, таму што і педагогі, і дзеці засталіся задаволены вынікамі - 95 працэнтаў атрыманых балаў карэляваліся са школьнымі гадавымі адзнакамі. Такі аналіз праводзіўся і па вобласці, і па краіне. Таму выпускнікі ўжо гэтага навучальнага года спакойна рыхтуюцца да ЦЭ разам са сваімі школьнымі педагогамі", - сказала Наталля Каліноўская.

У Брэсцкай вобласці шмат дзяцей, па колькасці выпускнікоў рэгіён займае другое месца пасля Мінска. "Выпускнікоў 11-х класаў у нас 9,8 тыс., 9-х класаў - амаль 17 тыс. Калі гаварыць аб гатоўнасці да правядзення цэнтралізаванага экзамену, як і ў мінулым годзе, вызначана 17 пунктаў правядзення ЦЭ. Мы хадайнічалі перад Міністэрствам адукацыі аб замене двух пунктаў. Вопыт мінулага года паказаў, што, дапусцім, у Бярозаўскім і Кобрынскім раёнах у нас вялікая колькасць выпускнікоў, і мы ледзь-ледзь умяшчаліся ў тыя каледжы, у якіх у мінулым навучальным годзе дзеці здавалі цэнтралізаваныя экзамены. У бягучым годзе ў гэтых раёнах дзяцей стала яшчэ больш. Нам было б складана размясціць іх па ранейшых аўдыторыях. Акрамя таго, у Бярозе каледж размешчаны ў раёне, і нам давялося б падвозіць дзяцей туды аўтобусамі. Таму пайшлі самым кароткім шляхам і вызначылі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі як пункты правядзення ЦЭ. У выніку ў гэтым годзе для іспытаў у нас задзейнічаны 4 універсітэты, 6 каледжаў і 7 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Як і ва ўсіх іншых абласцях, будзе арганізаваны падвоз дзяцей школьнымі аўтобусамі, грамадскім транспартам, аўтобусамі аўтапаркаў раёнаў. Трэць нашых выпускнікоў жывуць у крокавай даступнасці ад пунктаў правядзення ЦЭ, таму будуць дабірацца самастойна ў суправаджэнні сваіх педагогаў", - праінфармавала начальнік галоўнага ўпраўлення.

Каля 50 працэнтаў выпускнікоў Брэсцкай вобласці застаюцца ў сваіх рэгіянальных ВНУ. "Кожны год нашы выпускнікі паступаюць не толькі ў сталіцу, але і ва ўніверсітэты іншых абласцей. Шкада, вядома, што ў нас няма медыцынскіх універсітэтаў, таму дзеці едуць вучыцца ў іншыя вобласці і ў сталіцу. Калі паглядзець на выбар прадметаў ЦЭ, у нас сярод топавых прадметаў і біялогія, мы разумеем, што шмат выпускнікоў паступае ў тым ліку на медыцынскія спецыяльнасці. Таксама Брэсцкая вобласць выбірае рускую мову. На другім месцы матэматыка - яе будуць здаваць звыш 3 тыс. абітурыентаў, на трэцім - біялогія і амаль 2 тыс. абітурыентаў", - канстатавала Наталля Каліноўская.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі