Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 чэрвеня 2020, 13:34

Эксперт: верыць сацапытанням не акрэдытаваных цэнтраў - усё роўна што аперыравацца ў вартаўніка бальніцы

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Давяраць сацапытанням не акрэдытаваных інстытутаў - усё роўна што аперыравацца ў вартаўніка бальніцы. Такое меркаванне ў час чарговага пасяджэння праекта БЕЛТА і БІСД "Экспертнае асяроддзе" - "Апытанні грамадскай думкі і адказнасць сацыёлагаў перад грамадствам" выказаў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ доктар сацыялагічных навук, прафесар Давід Ротман.

Акрамя таго ўдзельнікі "Экспертнага асяроддзя" абмеркавалі, як непрафесіяналу адрозніць сярод мноства сацапытанняў тыя, вынікам якіх нельга давяраць. Давід Ротман лічыць, што насцярожваць павінна адсутнасць у арганізацыі акрэдытацыі Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры НАН Беларусі. "Дапусцім, аперацыю чалавеку будзе рабіць не прафесійны ўрач з дыпломам, а служба аховы паліклінікі або бальніцы. Тут тое ж самае. Для гэтага ў нас і існуе акрэдытацыя, - сказаў ён. - Даследаванні павінны праводзіць толькі прафесійныя арганізацыі, дзе выконваюцца неабходныя патрабаванні".

Вучоны выказаў шкадаванне, што часам людзі не разумеюць, для чаго патрэбна акрэдытацыя, і таму неабгрунтавана становяцца на бок ліпавых сацыялагічных структур, калі да іх узнікаюць прэтэнзіі. Давід Ротман падкрэсліў, што наяўнасць акрэдытацыі сведчыць аб тым, што спецыялісты прайшлі прафесійны адбор. "Не можа існаваць сацыялагічнай структуры, калі ў ёй знаходзяцца або ёй кіруюць людзі, якія наогул ніколі гэтым не займаліся. Калі яны ўяўлення не маюць, што такое сацыялогія, і выкарыстоўваюць яе толькі ў прапагандысцкіх мэтах", - падкрэсліў ён.

Закранаючы тэму электаральнай сацыялогіі, вучоны адзначыў, што яе тэхналогіі не маюць вялікіх асаблівасцей. Але некаторыя правілы ёсць. "Што такое электаральнае сацыялагічнае даследаванне? Гэта не нейкі разавы замер. Гэта комплекс, які ўключае ў сябе тры этапы: перадвыбарныя замеры, даследаванні ў дзень выбараў і паслявыбарныя даследаванні. Гэта стандартныя міжнародныя правілы", - растлумачыў ён. Такім чынам, каб эфектыўна і правільна правесці сацдаследаванні ў дзень выбараў, трэба абавязкова ўлічваць сітуацыю ў краіне, што складваецца напярэдадні. Інакш давяраць вынікам нельга.

Давід Ротман таксама выказаўся за тое, каб у СМІ больш расказвалі, як праводзяцца сацыялагічныя даследаванні, як ацэньваць іх вынікі. Яго падтрымалі калегі - начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Уладзімір Літвіновіч і дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін. На іх думку, беларускім сацыёлагам неабходна насычаць інфармацыйнае поле якаснай, праверанай інфармацыяй. "Інакш, калі даных няма, то любая інфармацыя, якая ў гэтым вакууме ўзнікае, адразу актыўна ўспрымаецца. Ёю ўсе пачынаюць аперыраваць. Таму сацыёлагі павінны быць адназначна актыўныя і прадстаўляць свае даныя, выказваць сваю пазіцыю і расказваць пра сваю работу", - адзначыў Уладзімір Літвіновіч.

Вадзім Гігін канстатаваў, што ў медыйнай сферы існуе самы шырокі плюралізм, у тым ліку сацыялагічных даных, і ўкіду фэйкаў таксама не пазбегнуць. "Усё роўна фэйкі будуць укідвацца, але ў нас павінна быць актыўнасць акадэмічных вучоных, падрыхтаваных, прафесійных. І цеснае іх узаемадзеянне са СМІ", - рэзюмаваў ён.-0-

Новы выпуск праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Апытанні грамадскай думкі і адказнасць сацыёлагаў перад грамадствам" - глядзіце тут.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі