Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2024, 17:18

Эксперт: у падрыхтоўцы па педагагічных спецыяльнасцях зроблены вялікі крок на карысць мэтавага навучання

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адукацыі зроблены вялікі крок на карысць мэтавага навучання. Такое меркаванне ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" выказала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Наталля Каліноўская.

"Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў першую чаргу супрацоўнічае з тымі ўніверсітэтамі, якія рыхтуюць па педагагічных спецыяльнасцях. Тут варта адзначыць, што вельмі вялікі крок зроблены на карысць мэтавага навучання. У нас паступіла ўжо 159 заявак на мэтавую падрыхтоўку па педагагічных спецыяльнасцях. Гэта значна больш, чым у мінулым навучальным годзе. Мы адчуваем неабходнасць запаўнення вакансій педагогаў пачатковай школы, дашкольнага выхавання, педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў фізічнай культуры. У бягучым годзе мы бачым шмат моладзі, якая гатова паступаць на мэтавую падрыхтоўку і ў далейшым станавіцца нашымі калегамі - прыходзіць для работы з дзецьмі ва ўстановы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі", - расказала Наталля Каліноўская.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў адзначыў, што на ўсе спецыяльнасці ВНУ або ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграмы сярэдняй спецыяльнай або прафтэхадукацыі, лічбы прыёму пацверджаны заяўкамі беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый. "Пры ўзгадненні кантрольных лічбаў прыёму ўся гэта інфармацыя ўлічваецца, таму сказаць, што ў нас зацверджаны месцы на спецыяльнасці, якія не запатрабаваны, мы не можам. Гэта ўсё кантралюецца штогод. Што датычыцца новых спецыяльнасцей, іх усяго сем. Сярод іх "міжнародная канфлікталогія", "краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць" і шэраг іншых, напрыклад, "электроннае машынабудаванне", "міжнародная лагістыка". У БДУІР адкрыта новая спецыяльнасць "кіберфізічныя сістэмы". Акрамя таго, хачу падкрэсліць, што нашы класічныя спецыяльнасці таксама штогод праходзяць мадэрнізацыю, удасканаленне - дабаўляюцца актуальныя пытанні, якія неабходны з улікам таго часу, у якім будзе працаваць наш выпускнік", - праінфармаваў ён.

Усяго ж установы вышэйшай адукацыі Беларусі ў бягучым годзе прымуць каля 50,5 тыс. абітурыентаў, з якіх 30,5 тыс. - на бюджэт. "У бягучым годзе рост кантрольных лічбаў прыёму або прыёму абітурыентаў за кошт сродкаў бюджэту вырас практычна на 3 тыс. у параўнанні з мінулым годам, што звязана з неабходнасцю забеспячэння прадпрыемстваў нашых галін эканомікі кадрамі. Перш за ўсё гэта інжынерныя, медыцынскія, педагагічныя, інакш кажучы, тыя спецыяльнасці, у якіх мае патрэбу наша краіна. Па гэтай прычыне кантрольныя лічбы прыёму зацверджаны з улікам гэтых патрабаванняў. Крыху скарочаны прыём на платнае навучанне. У цэлым у параўнанні з мінулым годам зніжэнне невялікае, мы лічым, што ў ВНУ ёсць усе магчымасці і шанцы выканаць свае кантрольныя лічбы прыёму і набраць сапраўды матываваных, адораных абітурыентаў, выбраць лепшых для таго, каб яны ў далейшым паспяхова засвоілі праграмы і спецыяльнасці, на якія паступілі", - дадаў Сяргей Пішчоў.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі