Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 студзеня 2020, 11:17

Эксперт: у новых рэаліях любы чалавек можа вырабіць на кухні інфармацыйную атамную бомбу

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У новых рэаліях любы чалавек можа вырабіць на кухні інфармацыйную атамную бомбу. Такое меркаванне выказаў у час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Deepfakes: новы выклік інфармацыйнай бяспецы" ў прэс-цэнтры БЕЛТА старшы навуковы супрацоўнік сектара інфармацыйнага права і міжнароднай інфармацыйнай бяспекі Інстытута дзяржавы і права Расійскай акадэміі навук, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Віктар Навумаў.

Віктар Навумаў адзначыў, што ў новых рэаліях, калі вялікую вагу на інфармацыйнай прасторы набываюць сацыяльныя медыя, любы чалавек, па сутнасці, гэта ўжо амаль журналіст, рэдактар, а ў бліжэйшы час - амаль прадзюсар. "Таму што тэхналогіі танныя і простыя. Але ў гэтай масы насельніцтва, якая гоніцца за лайкамі, ніякай культуры і ўсведамлення адказнасці за важнасць распаўсюджання інфармацыі няма. Па сутнасці, мы можам сутыкнуцца з сітуацыяй вырабу інфармацыйнай атамнай бомбы на кухні", - сказаў эксперт.

Каб пазбегнуць сур'ёзных наступстваў, трэба займацца выхаваннем інфармацыйнай культуры. "Прычым выхавання строгага, масавага. І нават не з пункту гледжання зместу, што нельга, а што можна. А з пазіцыі таго, што любыя словы ў гэтым інфармацыйным грамадстве павінны суадносіцца з адказнасцю за тое, што ты хочаш сказаць услых", - удакладніў прадстаўнік РАН.

Цяперашняя сітуацыя яму нагадвае тую, што склалася на заранку інтэрнэту, калі яго карыстальнікі маглі ў рэальным жыцці гаварыць адно, а ў сетцы - іншае. "Гэта было нармальна, такая цацка. Цяпер гэта не цацка, гэта жыццё", - падкрэсліў эксперт. Разрыў у інфармацыйнай культуры паміж класічнымі медыя і звычайнымі грамадзянамі ён назваў самым негатыўным фактарам, які ў далейшым будзе адыгрываць вельмі сур'ёзную ролю, калі з ім пэўным чынам не працаваць.

Гаворачы аб наступствах фэйкаў, Віктар Навумаў звярнуўся да аднаго з самых вядомых у гісторыі прыкладаў, калі ў 1938 годзе ў эфір радыёстанцыі CBS выйшла пастаноўка рамана Герберта Уэлса, якая апавяшчала жыхароў ЗША аб нападзе марсіян. Амерыканцаў тады ахапіла сапраўдная паніка. Ён прапанаваў таксама ўявіць, што будзе, калі нехта ў сетцы ад імя буйной кампаніі аб'явіць аб высокіх скідках і вялікая колькасць людзей накіруецца за пакупкамі ў магазіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі