Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 красавіка 2024, 15:12

Эксперт: цеснае ўзаемадзеянне фінразведак Беларусі і Расіі дае магчымасць раскрываць крыптазлачынствы

Фота з архіва
Фота з архіва
11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цеснае ўзаемадзеянне фінразведак Беларусі і Расіі дае магчымасць раскрываць крыптазлачынствы, заявіла журналістам начальнік юрыдычнага ўпраўлення Расфінманіторынгу Вольга Цісен у час міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Процідзеянне злачынствам з выкарыстаннем лічбавых актываў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Федэральная служба па фінансавым маніторынгу Расійскай Федэрацыі актыўна супрацоўнічае з фінансавай разведкай Беларусі, у тым ліку ў сферы процідзеяння дзеянням, якія ўчынены з выкарыстаннем крыптавалюты. Цяпер незаконны абарот наркотыкаў, легалізацыя злачынных даходаў і шэраг іншых злачынстваў, як правіла, учыняюцца з выкарыстаннем крыптавалюты. У сувязі з гэтым мы ўкараняем агульныя падыходы ў мэтах процідзеяння гэтай з'яве. Напрыклад, актыўна выкарыстоўваецца распрацаваны Расійскай Федэрацыяй праграмны прадукт "Празрысты блокчэйн", які дае магчымасць не толькі сачыць за крыптавалютнымі транзакцыямі, але і шляхам правядзення шэрага дзеянняў устанаўліваць уладальнікаў крыптавалютных кашалькоў і прыцягваць іх да заслужанай адказнасці", - расказала Вольга Цісен.

Цяпер па ўсім свеце актыўна выкарыстоўваюцца махлярамі розныя тэхналогіі, накіраваныя на крадзеж сродкаў грамадзян, адзначыла эксперт. "Як правіла, гэта тэлефонныя махляры, якія з дапамогай розных метадаў сацыяльнай інжынерыі крадуць сродкі, у тым ліку грамадзян старога ўзросту. Акрамя таго, актыўна выкарыстоўваюцца тэхналогіі, якія даюць магчымасць узломліваць асабістыя даныя і выкарыстоўваць іх для крадзяжу грашовых сродкаў грамадзян. Паколькі ў асноўным арганізатары такіх злачынных схем знаходзяцца на тэрыторыі трэціх дзяржаў, эфектыўнасць такой работы магчыма толькі праз аб'яднанне намаганняў краін, у тым ліку Расіі і Беларусі", - падкрэсліла яна.

Вольга Цісен прывяла канкрэтны прыклад сумеснай работы. "На тэрыторыі трэціх краін дзейнічаюць арганізаваныя злачынныя групы, накіраваныя на крадзеж шляхам махлярства сродкаў грамадзян, перш за ўсё тых, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Махляры ў кол-цэнтры на тэрыторыі трэцяй дзяржавы тэлефануюць грамадзянам Расіі і Беларусі і шляхам сродкаў маніпуляцыі прымушаюць іх узяць крэдыты, перавесці сродкі на так званыя бяспечныя рахункі, якія ў далейшым аказваюцца ў махляроў. Процідзеянне такім з'явам магчыма толькі праз аб'яднанне намаганняў праваахоўных і дзяржаўных органаў у нашых дзяржавах", - дапоўніла яна.

Асаблівая ўвага на канферэнцыі ўдзелена аналізу праблемных пытанняў у тэорыі і практыцы процідзеяння злачынствам з выкарыстаннем лічбавых актываў і вызначэнню прававых рашэнняў для больш эфектыўнай барацьбы з імі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі