Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2021, 10:39

Эксперт расказала аб вакцынацыі супраць COVID-19 і эфектыўнасці прэпаратаў

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская расказала аб ходзе вакцынацыі ад COVID-19, эфектыўнасці прэпаратаў і рэвакцынацыі ў інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Ірыны Глінскай, эфектыўнасць вакцын, якія ёсць у Беларусі, даволі высокая. "Лічыцца, калі эфектыўнасць вакцыны большая за 60 працэнтаў, то гэта ўжо стварае дастатковую абарону. Эфектыўнасць "Спадарожніка V" перавышае 90 працэнтаў. Паводле даных, якія мы бачым па нашай рэспубліцы, паказчыкі дасягаюць 92-95 працэнтаў. Што датычыцца вакцыны кітайскай вытворчасці, вытворцам пазначана, што яе эфектыўнасць складае прыкладна 79-80 працэнтаў", - сказала спецыяліст.

Таксама яна адзначыла, што гэтыя вакцыны эфектыўныя супраць штама дэльта. Напрыклад, эфектыўнасць "Спадарожніка V", паводле апублікаваных даных, супраць названага штама дасягае 81 працэнт. "Гэта вельмі высокі паказчык. Са 100 прышчэпленых, якія сустрэнуцца з варыянтам дэльта, 81 - не захварэе, астатнія ж могуць перанесці захворванне, але яно будзе працякаць не вельмі цяжка і неспрыяльнага зыходу не будзе", - растлумачыла намеснік галоўнага ўрача.

Таксама Ірына Глінская расказала, што некаторыя краіны пачалі прышчапляць ужо дзяцей ад COVID-19. "Гэта еўрапейскія краіны, ЗША, Канада. У асноўным размова ідзе аб вакцынацыі дзяцей з 12 гадоў. Як толькі па "Спадарожніку" вывучэнне эфектыўнасці і бяспекі вакцыны ў адносінах да дзяцей будзе завершана, мэтазгодна будзе разгледзець пытанне вакцынацыі дзетак і ў нашай краіне", - звярнула ўвагу эксперт.

Гаворачы аб рэвакцынацыі, спецыяліст адзначыла, што ў большасці краін свету яшчэ дакладна не вызначана, што яна абавязкова патрэбна. "Ёсць краіны, якія яе рэкамендуюць праз 5-6 месяцаў пасля праведзенай вакцынацыі, нейкія дзяржавы ідуць на тое, каб рэвакцынаваць асоб пасля 50-60 гадоў. Гэта значыць, асобныя групы, у якіх узровень абароны меншы і даволі хутка зніжаецца, - сказала яна. - Цяпер ёсць шэраг пазіцый за і супраць таго, каб праводзіць рэвакцынацыю тым жа прэпаратам, якім праводзілі першы курс, ці ж новым. Таму дакладнай рэкамендацыі па абавязковым выкарыстанні розных прэпаратаў або, наадварот, аднолькавых - пакуль няма".

Ірына Глінская падкрэсліла, што ў Беларусі цяпер пачынаецца кампанія вакцынацыі супраць грыпу. "Гэта таксама вельмі важны момант. У мінулым годзе вірус грыпу амаль не цыркуляваў, пандэмічны штам практычна выцесніў іншыя вірусы. Ці будзе так у гэтым годзе - сказаць даволі складана", - дадала яна.

Што датычыцца таго, у якім парадку рабіць прышчэпкі ад грыпу і кавіду, намеснік галоўнага ўрача адзначыла: "Аптымальны варыянт - гэта інтэрвал адзін месяц паміж завершаным курсам вакцынацыі супраць кавіду і вакцынацыяй супраць грыпу. Хачу звярнуць увагу, што ўсё ж такі прыярытэт у гэтай сітуацыі варта аддаць прышчэпцы супраць COVID-19".

Спецыяліст падкрэсліла, што, калі ў чалавека ёсць праяўленне якога-небудзь віруснага захворвання або абвастрэнне хранічнага, у гэты перыяд вакцынацыя не праводзіцца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі