17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь уваходзіць у спіс 50 лепшых краін па вядзенні цяжарнасці. Аб гэтым сёння журналістам заявіў галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Леанід Недзень, паведамляе БЕЛТА.
Паводле слоў Леаніда Недзеня, у Беларусі самы нізкі ўзровень дзіцячай смяротнасці сярод краін СНД. Гэты паказчык ніжэйшы, чым у Вялікабрытаніі, Даніі, Польшчы, ЗША, Літве. "Выжывальнасць дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела на першым годзе жыцця складае больш за 80 працэнтаў. У рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства Беларусь займае 35-е месца сярод 175 краін свету. Расія, дарэчы, на 37-й пазіцыі. Наша краіна таксама займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных краін для мацярынства і ўваходзіць у 50 лепшых краін па вядзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў", - сказаў ён.
Беларусь стала першай дзяржавай у Еўропе і трэцяй у свеце (нараўне з Кубай і Тайландам), дзе ўдалося скараціць перадачу ВІЧ ад маці да дзіцяці і прыроджанага сіфілісу да ўзроўню, які не ўяўляе пагрозы грамадскаму здароўю.
"Цяжарныя жанчыны забяспечаны медыцынскім назіраннем і аказаннем усіх відаў дапамогі як у амбулаторных, так і стацыянарных умовах у час цяжарнасці, пасля родаў, а таксма ў дапамозе з нованароджанымі", - сказаў на заканчэнне спецыяліст.-0-