9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Іван Эйсмант у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА адзначыў, што спецыяльная прэмія Прэзідэнта за рэалізацыю творчых праектаў, якія пазітыўна прадстаўляюць нацыянальную культуру ў Беларусі і за мяжой, значны ўклад у выхаванне творчай моладзі - вялікі гонар для ўсяго калектыву Белтэлерадыёкампаніі.
"Вядома, для нас гэта вялікі гонар: і для мяне асабіста, і для ўсяго калектыву. Белтэлерадыёкампанія - буйнейшы вяшчальнік у краіне. Няма, напэўна, ніводнай яркай падзеі, якую б мы не паказалі ў нашым эфіры, а часцей за ўсё мы з'яўляемся суарганізатарамі, інфармацыйнымі партнёрамі. Гэта "Славянскі базар у Віцебску", нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", Дзень беларускага пісьменства, шматлікія рэгіянальныя культурныя фестывалі - як дарослыя, так і дзіцячыя", - сказаў Іван Эйсмант.
Паводле яго слоў, Еўрапейскі вяшчальны саюз высока ацаніў арганізацыю Белтэлерадыёкампаніяй дзіцячага "Еўрабачання-2018" у Мінску, якое прайшло на ўзроўні дарослага конкурсу песні. "Да гэтага лічылася, што дзіцячым песенным конкурсам не варта ўдзяляць так шмат увагі. Паводле ацэнак кіраўніка Еўрапейскага вяшчальнага саюза, дзякуючы нам дзіцячае "Еўрабачанне" атрымала другое жыццё, новы ўзровень. Менавіта на такім узроўні прайшоў конкурс у мінулым годзе і ў Польшчы", - падкрэсліў старшыня Белтэлерадыёкампаніі.
Вялікай папулярнасцю ў гледачоў карыстаецца сацыякультурны канал "Беларусь 3". "Гэта адзіны ў краіне канал пра культуру і мастацтва, які апошнім часам даволі паспяхова развіваецца. Мы будзем і далей яго ўдасканальваць. Эфір тэлеканала павінен быць яшчэ больш насычаным, як мага больш павінна быць беларускага нацыянальнага кантэнту. Мы плануем здымаць яшчэ больш спектакляў. У нас закуплена новая тэхніка - перасовачныя тэлевізійныя станцыі, дзякуючы чаму мы зможам папоўніць наш залаты фонд сучаснымі беларускімі тэатральнымі пастаноўкамі. Вядома, нашых гледачоў чакае шмат сюрпрызаў. Пакуль не хацелася б раскрываць усе тайны. Планаў сапраўды шмат, мы не збіраемся стаяць на месцы", - дадаў Іван Эйсмант.-0-