1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны камітэт па маёмасці распрацаваў новую рэдакцыю закона "Аб геадэзічнай і картаграфічнай дзейнасці". Аб гэтым сёння журналістам расказаў старшыня Дзяржкаммаёмасці Дзмітрый Матусевіч перад выязным пашыраным пасяджэннем Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржаўны камітэт па маёмасці падрыхтаваў новую рэдакцыю закона аб геадэзіі і картаграфіі, якая ў гэтым годзе будзе накіравана ў парламент", - сказаў Дзмітрый Матусевіч.
Што датычыцца навацый, плануецца ў законе сфарміраваць прававую аснову для таго, каб аб'яднаць усе зямельныя, будаўнічыя і іншыя прасторавыя рэсурсы. "Іншымі словамі, не перарабляць кожны раз базы даных, а проста зрабіць хаб, які збіраў бы ўсе неабходныя даныя для канкрэтнага, спецыфічнага карыстальніка. Нешта з сістэмы нашага камітэта можа быць ўзята, нешта з сістэмы Мінбудархітэктуры, Мінлясгаса - у кожнага ведамства набор будзе свой, для пэўных мэт", - растлумачыў старшыня.
Таксама Дзмітрый Матусевіч расказаў пра інтэрактыўны 5D-пашпарт. "Гэта тэхналогія, якую мы зрабілі самастойна. Мы плануем паставіць яе на камерцыйную аснову", - адзначыў ён.
Інтэрактыўны пашпарт - гэта мадэль капiтальнага збудавання (будынка) або маёмаснага комплексу, створаная ў электронным выглядзе ў фармаце 3D з выкарыстаннем тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання. Яна ўключае ў сябе звесткі аб размяшчэнні элементаў аб'екта ў прасторы і часе, а таксама іншых вылічальных характарыстыках, у тым ліку звязаных з эксплуатацыяй аб'екта і інтэграваных у мадэль у выглядзе асобных інфармацыйных пластоў, якія ў сукупнасці вызначаюць яе як мадэль 5D.-0-