
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальнае кадастравае агенцтва і Беларускае геаграфічнае таварыства рэалізоўваюць праект "Пяшком па Беларусі", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
Праект, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, накіраваны на фарміраванне ў насельніцтва грамадзянскасці і патрыятызму, а таксама пазнанне гісторыка-культурных каранёў, расказалі ў Дзяржкаммаёмасці. "У час пешых і веласіпедных паходаў удзельнікі збяруць інфармацыю аб помніках Вялікай Айчыннай вайны і прадаставяць даныя на публічнай кадастравай карце. За час рэалізацыі праекта толькі на тэрыторыі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці на карту было нанесена 46 помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама распрацавана чатыры турыстычныя маршруты рознай складанасці", - адзначылі ў прэс-службе.
"Пяшком па Беларусі" паступова становіцца пунктам прыцяжэння маладога пакалення, якое ўдзельнічае ў праекце. Дзеці і падлеткі атрымліваюць турыстычныя навыкі, даведваюцца ад краязнаўцаў і гісторыкаў, якія іх суправаджаюць, аб трагічных старонках беларускай гісторыі, вучацца тапаграфіі і арыентаванню.-0-