Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 лютага 2019, 14:16

Дзярждума РФ ратыфікавала пагадненне з Беларуссю аб бязвізе для балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў

12 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума Расіі сёння на пленарным пасяджэнні аднагалосна ратыфікавала беларуска-расійскае міжурадавае пагадненне аб некаторых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта пагадненне было падпісана ў Мінску 29 мая 2018 года. Як растлумачыў, прадстаўляючы дакумент парламентарыям, статс-сакратар - намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін, пагадненне рэгулюе парадак уезду замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія едуць для наведвання буйных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку маючых адбыцца ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў. Дакумент ужо часова прымяняецца з 1 чэрвеня 2018 года, у тым ліку ў час правядзення ў 2018 годзе ў Расіі чэмпіянату свету па футболе.

Вызначана, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія едуць для наведвання міжнароднага спартыўнага мерапрыемства ў перыяд яго правядзення ў дзяржаве аднаго боку, уязджаюць, выязджаюць, знаходзяцца і едуць транзітам праз тэрыторыю дзяржавы іншага боку без афармлення віз па дзеючым дакуменце, што засведчвае асобу, і білеце на спартыўнае мерапрыемства.

"Пагадненне адыграла вельмі станоўчую ролю ў перыяд правядзення чэмпіянату свету па футболе, балельшчыкі прыязджалі ў Расію з беларускага напрамку бесперашкодна, - падкрэсліў Рыгор Карасін. - Расійскі бок, у сваю чаргу, будзе прапускаць праз расійска-беларускую граніцу гасцей II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў 2019 годзе з 21 да 30 чэрвеня".

Пагадненнем устаноўлена, што тэрмін яго дзеяння завяршаецца 10 ліпеня 2019 года. Як нагадаў Рыгор Карасін, цяпер беларускі і расійскі бакі працуюць над больш шырокім пагадненнем аб узаемным прызнанні віз. "Работа гэта набліжаецца да канца, і я спадзяюся, што пагадненне будзе падпісана і адобрана ў бліжэйшыя месяцы", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі