Сцяг Субота, 22 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лютага 2025, 15:31

Дзярждума Расіі ратыфікавала дагавор з Беларуссю аб гарантыях бяспецы

Фота з архіва
Фота з архіва
18 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзярждума Расіі 18 лютага на пленарным пасяджэнні ратыфікавала Дагавор паміж Беларуссю і РФ аб гарантыях бяспецы ў рамках Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дагавор быў падпісаны 6 снежня 2024 года ў Мінску Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на палях пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Ён накіраваны на нарошчванне сумесных намаганняў для эфектыўнага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы ў мэтах умацавання бяспекі бакоў у рамках агульнай абароннай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Прадстаўляючы дакумент на ратыфікацыю, намеснік міністра замежных спраў РФ Аляксандр Грушко нагадаў, што ініцыятыва падпісання дагавора прыналежыць Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, якую ён агучыў у ходзе перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 5 красавіка 2023 года ў Маскве. "Яна атрымала прынцыповую падтрымку расійскага лідара", - падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС.

"З расійскага боку распрацоўка праекта дагавора вялася МЗС Расіі ва ўзаемадзеянні з апаратам Савета бяспекі РФ, зацікаўленымі расійскімі ведамствамі, перш за ўсё Мінабароны і Мінюстам. Праведзена некалькі раўндаў двухбаковых міжведамасных кансультацый, ажыццяўлялася вельмі грунтоўная работа па лініі экспертаў", - расказаў ён.

Згодна з дагаворам, бакі абавязуюцца падтрымліваць адзін аднаго ўсімі ўзгодненымі і дапушчальнымі міжнародным правам спосабамі і сродкамі і прадпрымаць адпаведныя дзеянні ў палітычнай, ваеннай і іншых сферах у выпадках замахаў на бяспеку любога з бакоў і Саюзнай дзяржавы ў цэлым. Пад такімі замахамі маецца на вазе мэтанакіраванае стварэнне або рэалізацыя пагрозы суверэнітэту, незалежнасці і (або) канстытуцыйнаму ладу бакоў, цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі і знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы з боку трэціх дзяржаў і іх аб'яднанняў, міжнародных арганізацый, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый і груп.

"Бакі разглядаюць узброенае нападзенне на дзяржаву - удзельніцу Саюзнай дзяржавы як акт агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ў цэлым і будуць прымаць адпаведныя меры ў адказ з выкарыстаннем усіх існуючых у іх распараджэнні сіл і сродкаў у адпаведнасці з артыкулам 51 Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і заканадаўствам бакоў", - адзначаецца ў дакуменце.

У ім таксама канстатуецца, што бакі разглядаюць ядзерную зброю Расійскай Федэрацыі як важны фактар прадухілення ўзнікнення ядзерных ваенных канфліктаў і ваенных канфліктаў з прымяненнем звычайных сродкаў паражэння, а таксама як сродак стрымлівання, прымяненне якога з'яўляецца крайняй і вымушанай мерай. "Ядзерная зброя Расійскай Федэрацыі можа быць прыменена ў адказ на прымяненне супраць любога з бакоў ядзернай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць любога з бакоў з прымяненнем звычайнай зброі, якая стварае крытычную пагрозу яе суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці", - адзначаецца ў дагаворы.

"Рашэнне аб прымяненні для абароны Рэспублікі Беларусь размешчанай на яе тэрыторыі ядзернай зброі Расійскай Федэрацыі прымаецца ў парадку, устаноўленым бакамі", - гаворыцца ў дакуменце.

Таксама ў дагаворы прапісана магчымасць сумеснага процідзеяння нелегітымным санкцыям. "У выпадку прымянення трэцімі дзяржавамі і іх аб'яднаннямі, міжнароднымі арганізацыямі аднабаковых абмежавальных мер эканамічнага і іншага характару адносна любога з бакоў, любы бок можа ініцыяваць разгляд пытання аб калектыўным процідзеянні гэтым абмежавальным мерам, у тым ліку на аснове ажыццяўлення ўзаемнай падтрымкі ў рамках правядзення дзяржаўнай эканамічнай палітыкі і шляхам прыняцця неабходных мер органамі Саюзнай дзяржавы з улікам нацыянальных інтарэсаў кожнага з бакоў", - адзначаецца ў дакуменце.

Аляксандр Грушко паведаміў, што дагавор заключаны тэрмінам на 10 гадоў з магчымасцю далейшага аўтаматычнага прадаўжэння яго дзеяння.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі