6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя 6-15 сакавіка праводзіць рэспубліканскую прафілактычную акцыю па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму "Беражыце дзяцей!", паведамілі БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі.
Арганізавана інфармацыйная і растлумачальная работа ў працоўных калектывах і сродках масавай інфармацыі. "Інспектары расказваюць аб асноўных рызыках і пагрозах бяспецы дзяцей на дарозе, неабходнасці няўхільнага выканання правіл бяспечнай перавозкі непаўналетніх. Ва ўсіх навучальных установах пройдуць сустрэчы і заняткі з дзецьмі. Супрацоўнікі ДАІ нагадаюць правілы бяспечных паводзін на дарозе і ў транспарце, а таксама ў дварах. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена правілам пераходу праезнай часткі па нерэгулюемым пешаходным пераходзе, выбару бяспечных месцаў для катання на роліках, скейтбордах, веласіпедах", - расказалі ў ДАІ.
Супрацоўнікі ДПС узмоцняць кантроль за выкананнем вадзіцелямі скорасных рэжымаў, правіл праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей. Засяродзяць увагу і на спыненні парушэнняў правіл непаўналетнімі, а таксама дарослымі пры суправаджэнні дзяцей. Дарогі і тэхсродкі арганізацыі руху паблізу ўстаноў адукацыі абследуюць на наяўнасць недахопаў.
У 2018 годзе ў Беларусі прыкладна на трэць узрасла колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей - да 398 (у 2017 такіх аварый было 303). У іх загінулі 22 непаўналетнія, атрымалі траўмы 419. У студзені-лютым 2019 года на дарогах краіны загінулі 2 дзіцяці (пасажыр і пешаход), 44 атрымалі траўмы.
Як адзначылі ў ДАІ, у сярэднім 70 працэнтаў аварый з удзелам дзяцей адбываюцца па віне дарослых.-0-