Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 верасня 2019, 15:14

Дзяржаўныя тэлеканалы адыходзяць ад пасрэднікаў пры продажы рэкламнага часу

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал", ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" і прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі "Мір" на парытэтнай аснове стварылі прадпрыемства, якое будзе займацца продажам рэкламнага часу ў эфіры гэтых тэлекампаній - дзяржаўны сейлз-хаус, паведамляе БЕЛТА.

Такое рашэнне, як чакаецца, створыць канкурэнтнае асяроддзе на рынку продажаў рэкламнага тэлевізійнага часу ў краіне, дасць магчымасць адысці ад пасрэдніцтва, а значыць, істотна павялічыць эфектыўнасць размяшчэння рэкламы, аддачу ад укладзеных грошай рэкламадаўцамі.

"Прадпрыемства, якое мы стварылі, называецца ТАА "Тэлевізійны рэкламны альянс". Рашэнне аб аб'яднанні сваіх намаганняў у гэтым пытанні, на наш погляд, выглядае цалкам лагічным. Мы маем дастатковы рэсурс для таго, каб самастойна арганізаваць такую кампанію, самастойна прадаваць свой рэкламны час. Мы запрашаем да супрацоўніцтва вядучыя агенцтвы краіны, нам ёсць што прапанаваць. Згадзіцеся, спектр тэлеканалаў, якія мы прадстаўляем, ахоплівае ўсе сацыяльна-дэмаграфічныя групы, а агульны аб'ём часу, які беларусы праводзяць ля тэлевізараў, паказвае, што рэклама на тэлебачанні ўсё яшчэ самы эфектыўны спосаб распаўсюджвання рэкламнай інфармацыі", - расказаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

Створаная кампанія ў бліжэйшы час пачынае актыўную работу з рэкламадаўцамі і плануе з 1 студзеня 2020 года прадаваць рэкламныя магчымасці тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3", "Беларусь 5", "НТБ-Беларусь", АНТ, СТБ, "Расія-Беларусь", "МІР".

"Гэта будзе адзіная кропка ўваходу для ўсіх рэкламадаўцаў на дзяржаўныя тэлеканалы. Упэўнены, што буйнейшыя рэкламныя агенцтвы і лідары рэкламнага рынку будуць з задавальненнем працаваць па цывілізаванай сістэме з новым сейлз-хаусам. Тым больш што створаны ён кампаніямі, якія збіраюць штодзённа долю тэлепрагляду больш за 85 працэнтаў ад сукупнай долі ўсіх прадаваемых тэлеканалаў - гэта пераважная частка рэкламнага тэлевізійнага рынку", - адзначыў старшыня праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Марат Маркаў.

Адной з прычын стварэння такой кампаніі кіраўнік ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Ігар Луцкі бачыць істотны спад аб'ёмаў рэкламнага рынку ў Беларусі ў апошнія гады. Колькасць размешчаных рэкламных грошай у рэспубліцы ў разліку на аднаго жыхара знізілася да ўзроўню адстаючых краін, тады як ніякіх перадумоў да гэтага, на думку экспертаў, у краіне няма.

"На наш агульны погляд, з рэкламным рынкам у Беларусі трэба нешта рабіць, у добрым сэнсе гэтага слова, ставіць яго на цывілізаваныя рэйкі, ён відавочна, аб гэтым сведчаць многія фактары, недаацэнены. Пачынаць трэба з вымяральніка, аб гэтым ужо размова ішла на самым высокім узроўні, заканчваць работай з продажам рэкламы ў тэлевізійным эфіры, радыёэфіры і сетцы Інтэрнэт", - сказаў генеральны дырэктар ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Ігар Луцкі.

Тое, што зрабілі ў Беларусі дзяржкампаніі - сусветны вопыт. У многіх краінах у выніку прыйшлі да таго, што прадаваць рэкламу на сваіх каналах павінны кампаніі, якім яны належаць. Гэта дае магчымасць знізіць выдаткі і павысіць эфектыўнасць работы з рэкламадаўцамі. Дырэктар прадстаўніцтва МТРК "Мір" у Беларусі Уладзімір Пярцоў адзначыў: "Па такім шляху некалі пайшлі і буйнейшыя расійскія тэлеканалы, стварыўшы сумеснага "мегаселера". Сёння ўжо можна дакладна канстатаваць, што тое рашэнне было правільным. Прамы кантакт рэкламадаўца з кампаніямі, празрыстасць працэсаў, магчымасць атрымаць поўную і дакладную інфармацыю аб інвентары з вуснаў людзей, якія яго маюць, прынеслі карысць усім бакам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі