Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 красавіка 2021, 11:51

Дзяржаўны сцяг Беларусі будзе падняты на будаўнічым чэмпіянаце ў Сочы

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная каманда беларускіх студэнцкіх атрадаў (БСА) падыме Дзяржаўны сцяг Беларусі на Міжнародным будаўнічым чэмпіянаце ў Сочы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Прохараў.

"Па запрашэнні шматгадовага партнёра БРСМ маладзёжнай агульнарасійскай грамадскай арганізацыі "Расійскія студэнцкія атрады" (РСА) зборная каманда БСА пакажа сваё майстэрства ў будаўнічых спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, якія пройдуць 20-23 красавіка ў расійскім Сочы і аб'яднаюць больш за 700 спецыялістаў прадпрыемстваў сферы прамысловага будаўніцтва. У мерапрыемстве прымуць удзел вядучыя расійскія і замежныя кампаніі. Безумоўна, удзел будучых беларускіх будаўнікоў у такім чэмпіянаце вельмі прэстыжны. Хлопцы і дзяўчаты з гонарам падымуць у Сочы Дзяржаўны сцяг Беларусі", - расказаў Аляксандр Прохараў.

Чэмпіянат уключае пяць намінацый - камандныя "Мантаж тэхналагічных трубаправодаў", "Ахова працы", "Агульнабудаўнічыя работы" і індывідуальныя "Неразбуральныя метады кантролю", "Электразваршчык ручной зваркі". Пераможцы будуць вызначаны як у пяці намінацыях, так і мультыкаманднай "Лепшая пляцоўка па збудаванні", якая акумулюе вынікі кожнай намінацыі.

"Наша каманда створана Рэспубліканкім штабам студэнцкіх атрадаў (РШСА) на конкурснай аснове. Улічваліся спецыяльнасці намінацый чэмпіянату і спецыяльнасці юнакоў і дзяўчат, па якіх яны праходзяць навучанне ў ВНУ. Вялікае значэнне мелі вопыт работы і актыўны ўдзел у студатрадаўскім руху. У выніку аснову беларускай каманды склалі 12 байцоў будаўнічых студэнцкіх атрадаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мы арганізавалі дл іх прафесійную падрыхтоўку на базе лабараторыі зваркі Полацкага дзяржуніверсітэта, у цэхах філіяла "Наваполацкжалезабетон", на базе Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў імя В.Г.Каменскага. Усе ўдзельнікі прайшлі неабходныя трэнінгі", - растлумачыў другі сакратар ЦК БРСМ.

Паводле слоў Аляксандра Прохарава, з улікам экспертаў беларуская маладзёжная дэлегацыя складае 15 чалавек. На палях чэмпіянату таксама адбудуцца пленарныя пасяджэнні, круглыя сталы, панэльныя дыскусіі, накіраваныя на павышэнне прадукцыйнасці працы ў сферы прамысловага будаўніцтва.

"Так, у рамках круглага стала "Распаўсюджванне станоўчага вопыту прыцягнення студэнцкіх атрадаў на вялікія прамысловыя аб'екты ў Расіі і за мяжой" эксперты ў галіне студатрадаўскага руху прааналізуюць вынікі супрацоўніцтва паміж БРСМ і РСА, беларускі бок прэзентуе працоўныя праекты РШСА, падзеліцца з расійскімі калегамі вопытам прыцягнення замежных удзельнікаў у беларускія студэнцкія атрады, раскажа пра механізм узаемадзеяння з работадаўцамі. Запланавана прапрацоўка ўмоў і падпісанне пагадненняў па ўдзеле беларускіх студэнцкіх атрадаў у расійскіх працоўных праектах. Для ўдзельнікаў чэмпіянату падрыхтавана праграма для адпачынку. На такіх мерапрыемствах зараджаецца дружба паміж моладдзю на доўгія гады", - падкрэсліў другі сакратар ЦК БРСМ.

З 16 красавіка зборная каманда беларускіх студэнцкіх атрадаў будзе знаходзіцца ў Мінску і прыме ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў: будзе прадоўжана прафесійнае навучанне, у Рэспубліканскім доме моладзі пройдзе сустрэча юнакоў і дзяўчат з ветэранамі студатрадаўскага руху, у ходзе якой будуць прэзентаваны форма і эмблема зборнай каманды, адбудзецца афіцыйная цырымонія перадачы Дзяржаўнага сцяга Беларусі ўдзельнікам каманды БСА. Байцы атрада прымуць удзел у аднаўленні алеі з таполяў у мемарыяльным комплексе "Трасцянец" у час рэспубліканскага суботніка. 18 красавіка пасля наведвання Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі адбудзецца ўрачыстая адпраўка беларускай каманды для ўдзелу ў будаўнічым чэмпіянаце.

Міжнародны будаўнічы чэмпіянат заснаваны Міністэрствам будаўніцтва Расіі і дзяржкарпарацыяй "Расатам".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі