Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 ліпеня 2024, 19:16

Дзеці з сур'ёзнымі захворваннямі пройдуць аздараўленне ў лагерах дзякуючы Беларускаму дзіцячаму фонду

Фота з архіва
Фота з архіва
23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзіцячы фонд адкрывае рэабілітацыйна-аздараўленчыя змены "Вясёлыя сэрцы" і "Вясёлка надзеі", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня праўлення фонду Людміла Кандрашова.

З першых дзён работы Беларускі дзіцячы фонд дапамагае хворым дзецям. Спачатку іх накіроўвалі на адпачынак і рэабілітацыю за мяжу, але з цягам часу былі створаны свае праграмы рэабілітацыі і аздараўлення, дзякуючы якім дзеці маглі праходзіць такое аздараўленне ў Беларусі.

Летам Беларускі дзіцячы фонд актыўна рэалізуе праграму "Аздараўленне": каля 300 дзяцей-сірот, дзяцей з інваліднасцю, дзяцей з малазабяспечаных сем'яў змогуць адпачыць і аздаравіцца.

У ліпені па шматгадовай традыцыі Беларускі дзіцячы фонд правядзе дзве рэабілітацыйна-аздараўленчыя змены. Адна з іх - "Вясёлка надзеі" - разлічана на дзяцей, якія перанеслі анкалагічныя захворванні і знаходзяцца ў стадыі рэмісіі, яна стартуе 24 ліпеня. Пяцьдзясят дзяцей адпачнуць на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня". Гэты праект дае магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам з усёй краіны не толькі адпачыць, але і ўмацаваць здароўе. На 18 дзён дзеці акунуцца ў свет актыўнага і незабыўнага жыцця. Тое, што для іншых хлопчыкаў і дзяўчынак - частка звычайнага радаснага жыцця, для дзяцей, якія перанеслі анкалагічныя захворванні, выглядае як цуд.

Змена "Вясёлыя сэрцы" для дзяцей, якія перанеслі аперацыі на сэрцы або маюць складаныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, стартуе 25 ліпеня. У дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Надзея" адправяцца на аздараўленне 22 удзельнікі змены.

"Для большасці дзяцей, якія перанеслі вельмі складаныя аперацыі на сэрцы, маюць сур'ёзныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, удзел у змене "Вясёлыя сэрцы" стане першым вопытам самастойнага жыцця, што дапаможа ім стаць больш упэўненымі і незалежнымі. Новыя навыкі і ўменні, набытыя ў час знаходжання на змене, маюць доўгатэрміновы і станоўчы эфект", - адзначыла Людміла Кандрашова.

Кожная змена, арганізаваная фондам, праходзіць пры ўдзеле ўрачоў-спецыялістаў, якія пастаянна сочаць за фізічным станам адпачывальнікаў. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі таксама працуюць спецыялісты, якія аказваюць сацыяльна-педагагічную падтрымку і псіхалагічную дапамогу, што стварае камфортны псіхалагічны клімат, садзейнічае паспяховай адаптацыі дзяцей у перыяд знаходжання на аздараўленні.

"Вясёлыя сэрцы" і "Вясёлка надзеі" - гэта змены, дзе дзеці са складанымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы і анкалогіяй могуць праходзіць рэабілітацыю не ў медыцынскіх установах. Галоўная мэта змен - не медыкаментознае лячэнне, а псіхалагічнае і агульнафізічнае аздараўленне дзяцей. Важная асаблівасць гэтых праектаў у тым, што дзеці тут адпачываюць самастойна, без суправаджэння бацькоў, але пад пастаянным кантролем урачоў-кардыёлагаў, анколагаў і псіхолагаў, сумесна з якімі фонд распрацаваў спецыяльную праграму рэабілітацыі.

Дзякуючы праекту "Вясёлыя сэрцы" з 2006 года аздаравіліся і прайшлі рэабілітацыю 642 дзіцяці. Змена "Вясёлка надзеі" праводзіцца з 1991 года, курс аздараўлення прайшлі 2,4 тыс. дзяцей.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі