Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2020, 09:44

Дзень піянерскай дружбы святкуюць у Беларусі

19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень піянерскай дружбы святкуюць сёння ў Беларусі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова.

"У год 30-годдзя БРПА нам вельмі важна захоўваць лепшыя традыцыі дзіцячага руху, пераемнасць пакаленняў і сістэму выхаваўчай работы. Варта падкрэсліць, што наша краіна адна з нямногіх на постсавецкай прасторы, дзе піянерскі рух жыве і развіваецца ў новым, сучасным фармаце, грунтуючыся на прынцыпах грамадзянскасці, дабра, справядлівасці і дружбы. Менавіта гэтыя непарушныя каштоўнасці мы выкарыстоўваем у сваіх формах і метадах работы з дзецьмі і падлеткамі", - сказала Аляксандра Ганчарова.

Паводле яе слоў, галоўная мэта дзіцячай грамадскай арганізацыі - выхаванне грамадзяніна-патрыёта. "Сёння можна з упэўненасцю заявіць: Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя развівае нефармальную адукацыю дзяцей і падлеткаў. БРПА - тэрыторыя дзяцінства. Безумоўна, мы шануем традыцыі. Але цяперашнія піянеры і акцябраты вызначаюцца асаблівай актыўнасцю, камунікабельнасцю, прымаюць удзел у разнастайных праектах, гульнях, праяўляюць сваю творчасць, і, як і ўся сучасная моладзь, актыўныя ў віртуальнай прасторы", - адзначыла старшыня ЦС БРПА.

Аляксандра Ганчарова падкрэсліла, што ў гэтым годзе святкаванне Дня піянерскай дружбы праходзіць анлайн па ўсёй краіне. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць не толькі квэст-гульні, стварэнне віртуальных альбомаў піянерскай дружбы, але і стрым з Расіяй, Казахстанам і іншымі краінамі. "Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення прайшлі школу піянерыі. Мы віншуем усіх з гэтым святам. Піянер - заўсёды першы. І сучасныя дзеці таксама першыя ў цімураўскім, юнармейскім і юнкораўскім рухах", - дадала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі