ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 верасня 2021
Мінск Воблачна з праясненнямі +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 ліпеня 2021, 16:42

Дзень беларускіх студатрадаў адсвяткуюць 1 жніўня

Фота з архіва
Фота з архіва

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў (БСА) традыцыйна адзначаць 1 жніўня ўдзельнікі студатрадаўскага руху, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская.

"Дзень БСА - галоўнае свята студэнцкіх атрадаў Беларусі. Юнакі і дзяўчаты, якія ў гэтым годзе ўдзельнічаюць у самым папулярным маладзёжным працоўным руху, напоўняць яго рознымі відамі актыўнасцей. Як правіла, гэта будуць атрадныя лінейкі з пасвячэннем у байцы і ўшаноўваннем лепшых студатрадаўцаў, спартыўныя спаборніцтвы, добраахвотніцкія працоўныя акцыі, гумарыстычныя эстафеты, студатрадаўскія вогнішчы з песнямі пад гітару і, вядома ж, сустрэчы пакаленняў з ветэранамі студатрадаў", - расказала Надзея Шахоўская.

Паводле яе слоў, прафесійнае свята для байцоў студэнцкіх атрадаў мае гістарычныя карані. Яно з'явілася ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі толькі зараджаўся рух, і мае асаблівае значэнне для маладых людзей, якія хоць адзін раз папрацавалі ў студатрадах.

"Па-свойму ярка пройдзе Дзень БСА на рэспубліканскіх працоўных праектах бягучага года. Так, для байцоў зводнага беларуска-расійскага студэнцкага будаўнічага атрада імя двойчы Героя Савецкага Саюза, маршала М.І.Крылова (яны працуюць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы) Дзень студэнцкіх атрадаў стартуе ў Інфармацыйным цэнтры АЭС. Тут яны азнаёмяцца з асаблівасцямі Беларускай АЭС. Далей яны прымуць удзел у турзлёце. У яго праграму ўключаны гульні на камандаўтварэнне, з'яднанне і давер. Вечар святочнага дня завершыць традыцыйная атрадная спеўка каля вогнішча, - адзначыла камандзір РШСА. - На маладзёжным працоўным праекце "Атлант 2021" Дзень БСА вырашылі прысвяціць спорту. Старт святу дасць усеатрадная "Народная зарадка", затым байцы зводнага студэнцкага вытворчага атрада імя Героя Савецкага Саюза А.А.Лосіка паспаборнічаюць за кубак РШСА ў фінальных матчах спаборніцтваў па стрытболе. Не абыдзецца без здачы нарматываў фізкультурна-спартыўнага комплексу "Змагайся! Імкніся! Перамагай!". Любы баец па жаданні можа здаць нарматывы і атрымаць залаты, сярэбраны або бронзавы значок. Зводны студэнцкі сельскагаспадарчы атрад імя Героя Савецкага Саюза М.С.Камельчыка (працоўны праект "Талачын", арганізаваны ў гэтым годзе БРСМ сумесна з РУП "Талачынскі кансервавы завод") наведае Дубровенскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Таксама хлопцы і дзяўчаты пабываюць у мемарыяльным комплексе "Рыленкі" Дубровенскага раёна, а ўвечары іх чакае атрадны пікнік і традыцыйная атрадная спеўка каля вогнішча".

Надзея Шахоўская дапоўніла, што працаўладкаванне моладзі - адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці БРСМ, стрыжнёвай асновай якога з'яўляецца арганізацыя і далейшае развіццё студатрадаўскага руху. "Літаральна праз пару тыдняў у Мінску адбудзецца з'езд нашай маладзёжнай арганізацыі. Мы ідзём да яго з добрым вынікам. За тры гады саюз моладзі аказаў дапамогу ў працаўладкаванні 88541 маладому чалавеку. 81307 чалавек былі працаўладкаваны ў складзе 5964 студэнцкіх атрадаў розных профіляў - будаўнічых, педагагічных, сельскагаспадарчых, сэрвісных, экалагічных, вытворчых і медыцынскіх. 7234 хлопцам і дзяўчатам мы дапамаглі працаўладкавацца індывідуальна", - растлумачыла яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі