Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 кастрычніка 2022, 14:52

Дзе і калі пабудуюць у Беларусі пункт захавання радыеактыўных адходаў?

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі Дзяржатамнагляду расказалі сёння журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА аб планах па будаўніцтве пункта захавання радыеактыўных адходаў у Беларусі.

У Беларусі праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. "Ключавым момантам у гэтым дакуменце з'яўляецца рашэнне, што краіне неабходна стварэнне пункта захавання радыеактыўных адходаў. Гэты аб'ект павінен быць цэласным, адзіным і дазваляць рэгуляваць пытанні абыходжання з такімі адходамі па ўсёй краіне і на доўгі прамежак часу. У стратэгіі адлюстраваны асноўныя патрабаванні, якія трэба ўлічваць пры прыняцці рашэння аб месцы размяшчэння пункта. Акрамя прыродных фактараў, ацэнцы падлягаюць сацыяльна-эканамічныя і экалагічныя аспекты. Разглядаецца ўся тэрыторыя Беларусі. Сярод варыянтаў - зона паблізу дзеючай станцыі, а таксама тэрыторыі, пацярпелыя ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але канчатковае рашэнне пакуль не прынята", - сказаў начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў.

Паводле яго слоў, пункт захавання радыеактыўных адходаў бачыцца як модульна арганізаваны аб'ект, інакш кажучы, для кожнага тыпу адходаў будуць асобныя модулі. Яго плануецца будаваць паэтапна. "Праз 10 гадоў будзе неабходна размясціць адходы, якія ўжо ўтвараюцца на БелАЭС, на пункце захавання. Таму першую чаргу гэтага аб'екта плануецца стварыць і ўвесці ў эксплуатацыю менавіта праз 10 гадоў. У планах прыпаверхневае захаванне, а не глыбіннае", - адзначыў начальнік упраўлення.

Пункт захавання радыеактыўных адходаў патрабуе стварэння дадатковай інфраструктуры. "Гэты аб'ект у стратэгіі прапанавана разглядаць як пункт эканамічнага росту, адзначаны яго патэнцыял для развіцця рэгіёна, у якім ён будзе размешчаны", - звярнуў увагу Дзмітрый Паўлаў.

"На тэрыторыі Беларусі будуць пахаваны радыеактыўныя адходы, якія ўтварыліся ў нашай краіне. Гэта агульны прынцып МАГАТЭ, гэта прапісана і ў нашых законах, - звярнуў увагу першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзедуль. - Радыеактыўныя адходы - гэта рэчывы, што змяшчаюць радыенукліды, якія ўжо не плануецца ў далейшым выкарыстоўваць. А адпрацаванае ядзернае паліва падлягае перапрацоўцы. У адпаведнасці з пагадненнем з РФ перапрацоўка будзе праводзіцца на тэрыторыі Расіі, а ўжо астатнія прадукты перапрацоўкі мы пахаваем у Беларусі".

Першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду падкрэсліў, што пытанні бяспекі персаналу пункта захавання радыеактыўных адходаў, насельніцтва, якое пражывае паблізу, і ўплыву на навакольнае асяроддзе з'яўляюцца асноўнымі. "Вакол гэтага пункта можна стварыць навуковы кластар, каб распрацоўваць новыя тэхналогіі і мерапрыемствы па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі", - дадаў ён.

Важнае значэнне мае таксама падрыхтоўка кадраў. Плануецца стварэнне галіновай праграмы падрыхтоўкі на базе адной са спецыялізаваных устаноў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі