Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 жніўня 2020, 11:49

Дыягностыка і мадэляванне лякарстваў - як штучны інтэлект можа дапамагчы медыцыне

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Тузікаў расказаў карэспандэнту БЕЛТА аб распрацоўках у галіне тэхналогій штучнага інтэлекту, накіраваных на дыягностыку захворванняў і мадэляванне патэнцыяльных лякарстваў.

"Адзін з цікавых напрамкаў у галіне штучнага інтэлекту - тэхналогіі падтрымкі дыягностыкі ў медыцыне. Мы распрацавалі метады, якія дапамагаюць у дыягностыцы захворванняў лёгкіх на аснове аналізу рэнтгенаўскіх здымкаў, вынікаў камп'ютарнай і магнітна-рэзананснай тамаграфіі", - сказаў Аляксандр Тузікаў.

Паводле яго слоў, штучны інтэлект вучыць такому аналізу з дапамогай вялікіх баз даных. "Хацелася б гэтыя тэхналогіі падтрымкі дыягностыкі захворванняў укараніць у медыцынскія інфармацыйныя сістэмы, якія працуюць у Беларусі. Гэта было б вельмі перспектыўна і сучасна. Мы падалі такі праект у інавацыйны фонд Мінгарвыканкама", - адзначыў гендырэктар інстытута.

Вучоныя таксама актыўна далучыліся да работ, звязаных з пандэміяй. "Мы займаемся пытаннямі камп'ютарнага мадэлявання патэнцыяльных лякарстваў ад каранавіруса. Тэхналогіі штучнага інтэлекту даюць магчымасць падабраць патэнцыяльныя хімічныя злучэнні, якія могуць быць вельмі эфектыўнымі, - звярнуў увагу Аляксандр Тузікаў. - Цяпер для лячэння COVID-19 прапанавана некалькі прэпаратаў, якія распрацоўваліся для лячэння іншых захворванняў. У кароткатэрміновай перспектыве гэта правільна, але ў доўгатэрміновай патрэбны спецыяльныя лякарствы. Мы апублікавалі ўжо ў міжнародных часопісах нашы вынікі па пошуку такіх злучэнняў".

Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН працуе і ў такім напрамку, як разумныя гарады і рэгіёны. "Мы па праграме навуковых даследаванняў распрацавалі для Крычава канцэпцыю разумнага горада. Яна стала тыповай для такіх праектаў", - дадаў гендырэктар інстытута.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі