Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 лютага 2022, 18:59

Два гады з COVID-19 у Беларусі: сістэма аховы здароўя даказала сваю мабільнасць і жыццяздольнасць

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Роўна два гады таму ў Беларусі выявілі першага хворага на COVID-19. За гэты час, нягледзячы на ўсе нараканні апанентаў, беларуская сістэма аховы здароўя даказала, што сацыяльна арыентаванай дзяржаве неабходна менавіта такая сістэма - кіруемая вертыкаль, якая хутка перапрафілюе работу пад найбольш важныя задачы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.

У Міністэрстве аховы здароўя падкрэслілі: беларускія ўстановы аховы здароўя мабільныя і змаглі хутка разгарнуць неабходныя для выратавання жыцця людзей ложкі ў адпаведнасці з планам перапрафілявання.

Два гады барацьбы з пандэміяй дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на дадатковую падтрымку медработнікаў, якія ўступілі ў барацьбу з COVID-19. Таксама дзяржава забяспечвае закупку лекавых сродкаў і вырабаў медпрызначэння для пацыентаў, аснашчэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, набыццё сродкаў індывідуальнай аховы для медработнікаў, а таксама расходных матэрыялаў для правядзення тэст-даследаванняў. За два гады ў Беларусі на сферу аховы здароўя ўжо выдзелена больш за Br2,3 млрд, з іх на выплату надбавак медработнікам - больш за Br1,5 млн.

Важнейшы пункт выратавання пацыентаў з COVID-19 - аснашчэнне бальніц газіфікатарамі і пунктамі падачы кіслароду. У Беларусі поўнасцю перагледзелі падыходы да ўтрымання і забеспячэння кіслароднай гаспадаркі. Цяпер у стацыянарах Беларусі каля 30 тыс. кіслародных пунктаў.

Праведзена шырокамаштабная мадэрнізацыя бальніц у плане закупкі і пастаўкі камп'ютарных тамографаў. Першая партыя з 10 КТ была перададзена сталічным бальніцам і паліклінікам дзякуючы асабістай ініцыятыве Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ частка высокатэхналагічнага абсталявання была пастаўлена ў Беларусь за кошт пазыкі ў Сусветнага банка "Экстраннае рэагаванне на COVID-19 у Рэспубліцы Беларусь".

"Вядома ж, упершыню сутыкнуўшыся з пандэміяй такой сілы, сістэмы аховы здароўя розных краін свету чакалі рэкамендацый СААЗ - як лячыць, якімі лекавымі сродкамі, якую прафілактычную работу праводзіць. Вядучыя спецыялісты Беларусі не толькі чакалі прапановы СААЗ, але і распрацоўвалі свае рэкамендацыі. Так, восем разоў былі перагледжаны часовыя пратаколы і рэкамендацыі па лячэнні пацыентаў з COVID-19, у аператыўным рэжыме прымаліся розныя нарматыўныя і заканадаўчыя акты", - нагадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Была арганізавана работа маніторынгавых экспертных груп, куды ўвайшлі вядучыя спецыялісты краіны. Яны наладзілі сістэму клінічнай дапамогі калегам у рэгіёнах, прадаўжаюць кансультатыўную дапамогу і цяпер.

У Беларусі пачала актыўна працаваць і ўласная сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў. Так, вясной-летам 2020 года для работы інфекцыяністамі давялося перавучваць медыкаў розных спецыяльнасцей.

У Беларусі за два месяцы наладзілі ўласную вытворчасць СІА, рэспіратараў, масак, дэзынфектараў.

Нягледзячы на пандэмію ў Беларусі было захавана аказанне планавай дапамогі па ўсіх напрамках. Яна даступна для насельніцтва ўсіх рэгіёнаў.

Важнейшы пункт - развіццё ўласнай фармпрамысловасці. Гэта і стварэнне тэхналогіі вытворчасці ўласнай вакцыны, і выпуск крытычна важных лякарстваў.

Вядзецца актыўная вакцынацыя насельніцтва.

"Мы прайшлі ўжо амаль пяць хваль, і кожная даказвае слушнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца. Медыкі чарговы раз дэманструюць зладжаную работу. Аб гэтым сведчыць і той факт, што на гэтым тыдні яшчэ частка клінік у рэгіёнах і Мінску пераходзяць на планавую работу, пасля правядзення мерапрыемстваў па дэзынфекцыі памяшканняў", - рэзюмавалі ў Міністэрстве аховы здароўя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі