Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 студзеня 2019, 14:33

Два беларускія ўніверсітэты падпішуць пагадненні аб супрацоўніцтве з новасібірскімі ВНУ

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два беларускія ўніверсітэты падпішуць пагадненні аб супрацоўніцтве з новасібірскімі ВНУ. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пагадненне паміж Магілёўскім універсітэтам харчавання і Сібірскім універсітэтам спажывецкай кааперацыі, а таксама пагадненне паміж Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М.Танка і Новасібірскім педагагічным універсітэтам будуць падпісаны ў час візіту ў Беларусь дэлегацыі Новасібірскай вобласці, які праходзіць 21-23 студзеня. "Гэта прамыя кантакты, якія даюць магчымасць нам не толькі вырашаць шэраг сумесных адукацыйных праектаў, але і сумесныя навуковыя даследаванні. У нас будзе магчымасць падаваць сумесныя заяўкі на гранты, якія фінансуюцца, напрыклад, па праграме Erasmus+", - адзначыў Ігар Карпенка.

Наведванне шэрага ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі запланавана па праграме візіту расійскай дэлегацыі. "Нашы калегі паглядзяць, як мы працуем з дзецьмі і моладдзю ў сферы грамадскіх аб'яднанняў, а таксама вучнёўскага самакіравання. Нас таксама цікавяць многія праекты, у тым ліку і сумесныя, якія будуць звязаны з падрыхтоўкай да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Вялікай Перамогі. Мы гатовы запрасіць нашых новасібірскіх сяброў на традыцыйныя мерапрыемствы: фестываль "Дружба без меж", які праходзіць на базе дзіцячага аздараўленчага цэнтра "Зубраня", міжнародны злёт "Святло Вялікай Перамогі" на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У цэлым хачу сказаць, што ў нас нядрэнна развіваюцца адносіны. Нарматыўна-прававая база, якая існуе ў галіне адукацыі, дае магчымасць усё гэта рабіць", - сказаў Ігар Карпенка.

Міністр адукацыі Новасібірскай вобласці Сяргей Федарчук у сваю чаргу падкрэсліў: "Многія мерапрыемствы, якія мы сёння праводзім разам, сведчаць, што дзеці, моладзь вельмі добра на гэта рэагуюць, яны хочуць дружалюбных адносін, хочуць мець стасункі. На мой погляд, актывізуючы напрамкі нашага супрацоўніцтва ў галіне маладзёжнага, школьнага і студэнцкага ўзаемадзеяння, мы як адзіная культурная прастора развіваемся далей, маем будучыню. За маладымі будучыня, менавіта яны пасля нас будуць захоўваць, развіваць гэтыя адносіны", - заявіў ён.

Дэлегацыя на чале з міністрам адукацыі Новасібірскай вобласці наведае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі