Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 кастрычніка 2020, 16:31

ДПК пракаменціраваў сітуацыю з чэргамі на граніцы

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржпагранкамітэт пракаменціраваў сітуацыю з чэргамі на граніцы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў ведамстве.

"Усё часцей з'яўляюцца публікацыі з крыклівымі загалоўкамі аб заторах на рубяжах краіны. Некаторыя крыніцы расказваюць аб спыненні перад пунктамі пропуску, не жадаючы зірнуць на сапраўдныя прычыны з'яўлення чэргаў і ўнікнуць у сутнасць працэсу перасячэння граніцы. Аднак без гэтага немагчыма зразумець, што ж там адбываецца на самай справе, - расказалі ў ДПК. - Па-першае, грузавікі не "заселі" і не "стаяць у заторы або пробцы", а пастаянна рухаюцца. Беларускія пункты пропуску працуюць і рытмічна запускаюць аўтамабілі для афармлення. Але трэба разумець, калі сумежная дзяржава не забірае транспарт, то і месца для запуску новых грузавікоў у беларускім пункце пропуску не вызваляецца".

Прапускная здольнасць працуючых пунктаў пропуску ў адзін бок па напрамках: латвійскі - 400 грузавікоў у суткі, літоўскі - 1230, польскі - 2280, украінскі - 512 грузавікоў. "На прыкладзе самага загружанага напрамку - літоўскага - каля 700 грузавікоў, якія знаходзяцца перад пунктамі пропуску па стане на 12.00, будуць аформлены на працягу сённяшняга дня, а на іх месца прыедуць новыя. Зыходзячы з гэтай інфармацыі відавочна, што граніца працуе, затораў няма", - адзначылі ў ведамстве.

Адным з фактараў папулярнасці ў грузаперавозчыкаў маршруту менавіта праз Літву, безумоўна, з'яўляецца адсутнасць абмежаванняў па ўвозе паліва. Па-другое, на шэрагу пагранпераходаў працэс чакання мае выключна спланаваны па часе характар пры дапамозе сістэмы электроннай чаргі. Гэта сістэма інфармуе вадзіцеляў аб выдзеленым спецыяльна для іх інтэрвале часу для ўезду ў пункт пропуску. Пры гэтым у сэрвісных зонах створаны ўсе ўмовы для камфортнага адпачынку і правядзення часу вадзіцеляў.

"Дарэчы, сёння раніцай каля 40 працэнтаў вадзіцеляў велікагрузаў рухаліся менавіта праз тыя пункты пропуску, у якіх функцыянуе сістэма электроннай чаргі: "Грыгароўшчына" і "Урбаны" на латвійскім напрамку, "Катлоўка" на літоўскім, "Брузгі" і "Брэст" на польскім. З улікам пастаяннага росту аб'ёму перавозкі тавараў, сітуацыя не з'яўляецца стыхійнай. Тут трэба адзначыць, што ў сувязі з такой тэндэнцыяй прапускная здольнасць беларускіх пунктаў пропуску пастаянна павялічваецца ў час іх мадэрнізацыі і рэканструкцыі", - падкрэслілі ў ДПК.

Па-трэцяе - COVID-19. На гэты момант сумежныя краіны ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі закрылі шэраг пунктаў пропуску, што павялічыла нагрузку на працуючыя пагранпераходы. "Так, Літва не ажыццяўляе пропуск у двух з шасці існуючых аўтамабільных, з польскага боку таксама два пункты пропуску з шасці не функцыянуюць, украінскі бок закрыў пяць пунктаў перасячэння граніцы з дванаццаці. Ну і не трэба забываць, што колькасць грузавікоў, якія ідуць за мяжу, павялічваецца да выхадных і ў панядзелак - адны грузаперавозчыкі стараюцца закрыць усе пытанні да канца рабочага тыдня, іншыя толькі пачынаюць працаваць", - дадалі ў ведамстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі