16 лістапада, Бераставіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Мытная інфраструктура ў пунктах пропуску на граніцы з Польшчай удасканалена і пашырана, тэхсродкі працуюць штатна. Аб гэтым расказаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Віктар Зубік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мытныя органы цалкам гатовы да аднаўлення руху ў сумежных з Польшчай беларускіх пунктах пропуску "Брузгі" і "Бераставіца". Мытныя змены ўкамплектаваны супрацоўнікамі з закрытых пунктаў пропуску. Мытная інфраструктура ўдасканалена і пашырана. Тэхнічныя сродкі функцыянуюць у штатным рэжыме", - сказаў Віктар Зубік.
Паводле яго слоў, у час закрыцця пункта пропуску "Баброўнікі" беларускі бок рэканструяваў пункт пропуску "Бераставіца". "На выезд пабудавалі канальную сістэму для грузавікоў, асобна канал для аўтобусаў, модулі, у якіх размяшчаюцца мытнікі і пагранічнікі, мадэрнізаваны. Дадаткова пабудавалі залу для афармлення пасажыраў аўтобусаў, вагагабарытны комплекс", - дадаў Віктар Зубік.
"Што датычыцца пункта пропуску "Брузгі", ён таксама быў удасканалены. З асноўнага - павялічана колькасць палос для транспарту", - адзначыў ён.
Як заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК, на абодва пункты пропуску яшчэ да прыпынення руху паставілі новае абсталяванне электроннага маніторынгу рэгістрацыі ў чарзе грузавікоў. "Удасканаленні сур'ёзныя. Умовы знаходжання асоб, якія перасякаюць граніцы, палепшацца", - сказаў на заканчэнне ён.
Згодна з афіцыйным паведамленнем польскага боку, закрытыя пункты пропуску "Кузніца Беластоцкая" і "Баброўнікі" пачнуць функцыянаваць 17 лістапада з 2.00.-0-


