Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 лютага 2020, 16:18

Для лячэння дзяцей з цукровым дыябетам плануюць закупіць 250 інсулінавых помпаў

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для лячэння дзяцей з цукровым дыябетам плануюць павялічыць закупку інсулінавых помпаў з расходнымі матэрыяламі. Аб гэтым паведаміла ў прэс-цэнтры БЕЛТА галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Анжаліка Сонцава.

"Па праграме "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады ў мінулым годзе былі закуплены і пастаўлены ва ўстановы аховы здароўя абласнога ўзроўню 50 камплектаў інсулінавых помпаў з расходнымі матэрыяламі для лячэння дзяцей з цукровым дыябетам. У бягучым годзе плануецца закупка яшчэ 250 інсулінавых помпаў з расходнымі матэрыяламі", - сказала Анжаліка Сонцава.

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага дзіцячага эндакрынолага, у Беларусі створана сістэма аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі пацыентам (у тым ліку дзецям) з цукровым дыябетам, якія плануюць або ўжо выкарыстоўваюць помпавую інсулінатэрапію. У 2019 годзе было пачата навучанне дзіцячых эндакрынолагаў усіх рэгіёнаў па пытаннях помпавай інсулінатэрапіі. У бягучым годзе гэта ініцыятыва будзе развівацца.

Таксама вядучыя эксперты ў галіне эндакрыналогіі Беларусі распрацавалі канцэпцыю забеспячэння інсулінам пацыентаў з цукровым дыябетам на перыяд з 2020 па 2025 гады. Першым этапам яе рэалізацыі ў гэтым годзе стане перавод усіх дзяцей з цукровым дыябетам першага тыпу на сучасныя аналагі інсуліну.

На працягу апошніх гадоў у Беларусі адзначаецца павелічэнне агульнай колькасці дзяцей з цукровым дыябетам першага тыпу. Калі ў 2015 годзе іх колькасць дасягала 1860, то на пачатак 2020-га - 2438. Прычым цяпер яго ўсё часцей выяўляюць у дзяцей у раннім узросце. Паводле даных рэспубліканскага рэгістра за 2019 год, больш як у палавіне ўсіх выпадкаў захворванне было ўпершыню выяўлена ў дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў, у тым ліку ў дзяцей да 4 гадоў - 18 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі