Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 ліпеня 2025, 10:52

Для яе яны члены сям'і, сябры і напарнікі-пераможцы. Гэта беларуска ведае пра коней усё

Настасся Пойта
Настасся Пойта
Чалавек прыручыў каня больш за 4 тыс. гадоў таму. І з таго самага часу ўзаемадзеянне з коньмі дае яму столькі яркіх эмоцый, колькі не можа даць ні адна іншая жывёла! У гэтым пераканана экс-дырэктар ГА "Беларуская федэрацыя коннага спорту" майстар спорту па конным спорце, трэнер, выкладчык, а яшчэ журналіст-вядучая тэлебачання і шматдзетная мама Настасся Пойта. Знаёмімся з чалавекам, які ведае пра коней усё. Для яе яны - члены сям'і, сябры і напарнікі-пераможцы.

У 16 гадоў - майстар спорту

Гераіня нашага праекта знаёма з коньмі з ранняга дзяцінства. Хоць прызнаецца, што ў гэты спорт, па класічных мерках, прыйшла даволі позна - у 13 гадоў.

- Мая цётка, майстар спорту СССР па конным спорце Галіна Вітальеўна Зотава, убачыла ўва мне чалавека, які зможа знайсці ўзаемаразуменне з коньмі, - дзеліцца сваёй гісторыяй Настасся Пойта.
Менавіта яна прапанавала маці дзяўчынкі: "А няхай пляменніца паспрабуе - раптам спадабаецца!" - і прывяла яе ў вучэбную групу па выездцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі. Першая сустрэча з коньмі для падлетка стала шокам, а самі жывёлы падаліся нечым наогул невытлумачальным, але хвалюючым і цудоўным! І ўжо праз два тыдні яны захапілі яе цалкам.

Калі пачаўся адбор кандыдатаў па трох спартыўных алімпійскіх дысцыплінах - выездцы, канкуры і трохбор'і, Насця пайшла па слядах сваёй знакамітай цёткі - выбрала выездку. У 16 гадоў яна ўжо выканала ўсе патрабаванні нарматываў майстра спорту, а праз год увайшла ў юнацкую зборную Беларусі па конным спорце па выездцы. Пазней паспрабавала сябе ў трохбор'і і канкуры.

Жывёлы-эмпаты

За 30 гадоў работы з гэтымі дзіўнымі жывёламі, здаецца, Настасся даведалася пра іх усё.

- Калі чалавек не ў настроі, мае нейкія негатыўныя эмоцыі, тады і конь нервуецца, паводзіць сябе непрадказальна. А калі ты прыйшоў да яго шчаслівым, з цудоўнымі эмоцыямі, ён таксама будзе зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з вамі, - раскрывае сакрэт узаемаразумення жывёлы і чалавека гераіня нашага праекта. - Коні - энергетычна і фізічна магутныя стварэнні, якія выдатна счытваюць нашы эмоцыі. І калі чалавек шчыра зараджаны любоўю і дабром да іх, то жывёлы вяртаюць яму ўсё добрае ў шматразовым памеры. Вы не проста працуеце з коньмі, а пражываеце разам сваё і іх жыццё!
Коні - жывёлы-эмпаты, здольныя цалкам пераймаць наша да іх стаўленне. Дзень за днём спартсменка вучылася ладзіць з імі: у час трэніровак, падрыхтоўкі да спаборніцтваў і, вядома ж, на чэмпіянатах. Калі едзеш на спаборніцтвы ў іншую краіну, у дарозе клапоцішся пра камфорт і сябра з грывай. Кантралюеш, каб яго ўмовы дастаўкі і настрой былі на вышэйшым узроўні! Паколькі ад гэтага залежыць камандны настрой, адрэналін, драйв і перамогі.

Некаторых коней наезніца ўспамінае з асаблівай цеплынёй. Сярод іх Грэйнхаўнт, Сангам. Яны гадаваліся і разам з ёй набіралі сілу, шліфавалі майстэрства.

Клопат 24/7

Некалькі гадоў таму Настасся Пойта ўзначальвала Беларускую федэрацыю коннага спорту. У гэтага віду ёсць паклоннікі на ўсіх кантынентах. Члены каралеўскіх сем'яў маюць нават асаблівы дрэс-код пры наведванні скачак. Спыталі ў Настассі: як гэта - адказваць за асобы від спорту цэлай краіны?

- Безумоўна, гэта вялікая адказнасць і работа, што называецца, 24/7, - прызнаецца наша гераіня. - Ты валодаеш інфармацыяй па ўсёй спартыўнай галіне ў маштабах краіны. Ведаеш, дзе што адбываецца, у каго якія пытанні. Пры гэтым ты павінен максімальна хутка рэагаваць на кожны запыт, аказваць дапамогу ў вырашэнні праблем у найкарацейшыя тэрміны. Паколькі справа датычыцца не толькі людзей, але і жывёл.

Асабліва важна для дырэктара федэрацыі коннага спорту перадаваць маладому пакаленню ўменне правільна ўзаемадзейнічаць з жывёламі.
- У вялікім спорце для дзяцей асабліва ўважліва падбіраюць коней. Калі пара гэта не складваецца, дзіцяці знаходзяць іншую, - раскрывае прафесійны сакрэт субяседніца. - Калі ты, зазірнуўшы ў вочы жывёле, не ўлюбішся ў яе, узаемаадносіны не складуцца - дружбы не атрымаецца! Прыблізна праз год плённай штодзённай працы наезніка чатырохногі напарнік, як ружовы бутон, раскрывае свае лепшыя якасці.

Мама, тата, дочкі - спартыўная сям'я

Настасся прызнаецца, што ёй даводзілася настолькі цесна сумяшчаць работу і асабістае жыццё, што з часам яна перастала раздзяляць адно ад другога. І жывёлы сталі сапраўднымі членамі сям'і.

- Мае дзеці раслі з коньмі. І для іх гэта была норма. Для мяне коні - гэта тыя ж дзеці, мая сям'я. Калі сям'я разрастаецца, тады і ты становішся мацнейшы! А інакш нельга! Ты ж за іх адказны, - заўважае наша гераіня.

Гэта вельмі важнае правіла моцы шматдзетнай сям'і Пойта. У Настассі трое дзяцей. Дзве дачкі - майстры спорту па конным спорце. Сын хоць і не ў спорце, але падзяляе любоў сям'і да коней.

Сям'я Пойта некалькі гадоў жыла ў Саудаўскай Аравіі, дзе Настасся была трэнерам для членаў каралеўскай сям'і. Прафесійная падрыхтоўка коней да выездкі, навыкі ўзаемадзеяння з гэтымі разумнымі жывёламі, веданне сакрэтаў іх дрэсуры і ўменне зрабіць з жарабца (кабылы), які падае надзеі, сапраўднага чэмпіёна - такіх спецыялістаў у свеце цэняць на вагу золата!

Журналістыка як хобі

Многія ведаюць Настассю Пойта яшчэ і як вядучую спартыўных навін на канале СТБ. Як гэта - быць у кадры? Ці ёсць розніца ўзроўню хвалявання, якое ты зведваеш у якасці наезніцы, выступаючы перад гледачамі і суддзямі, і тады, калі расказваеш пра спартыўныя навіны шматмільённай тэлеаўдыторыі?

- Тэлебачанне для мяне - гэта, па сутнасці, новае хобі, гэтак жа як і спартыўныя выступленні, якія даюць вельмі моцныя эмоцыі. Работу на СТБ успрымаю як добрую магчымасць расказаць як мага большай аўдыторыі пра поспехі беларускага спорту, - прызнаецца Настасся. - Працаваць у кадры выдатна дапамагае ўнутраная самадысцыпліна, выпрацаваная за гады выступленняў на самых розных чэмпіянатах. І, вядома ж, жаданне дзяліцца з гледачамі вынікамі перамог нашых спартсменаў. Хачу адзначыць, што раней у час самых розных спаборніцтваў па конным спорце мы з нашымі журналістамі адчувалі сябе адной вялікай камандай цудоўнай краіны. І гэта было здорава!

Трэба адзначыць, што ў Настассі Пойта да супрацоўніцтва з СТБ быў вопыт напісання навін пра конны спорт: 12 гадоў таму яна з калегамі стварыла партал, на якім размяшчалася інфармацыя аб поспехах у першую чаргу беларускіх коннікаў, а таксама расійскіх, украінскіх.

Прыгожы тандэм

Наша сустрэча з Настассяй Пойта адбылася напярэдадні яе выступлення ў пары з вараным чатырохгадовым жарабцом па мянушцы Ініс з коннага клуба "Табун", у якім разводзяць коней розных парод.

- Ініс - будучы чэмпіён. Мы павінны паказаць сябе акуратнымі і прыгожымі, - гаворыць Настасся, рыхтуючы яго да сённяшняй выездкі на манежы. Яна становіцца на складаны табурэт, пачынае заплятаць яго густую чорную грыву ў коскі, якія па выніку павінны ператварыцца ў прыгожую прычоску. - На манеж прыбудуць 13 спартыўных пар, з іх 8 - на жарабцах. Улічваючы тэмперамент апошніх, безумоўна, будзе цікава. Такія спаборніцтвы як для спартсменаў, так і для коней, зразумела, стрэс. Я павінна раскрыць прыродныя якасці і магчымасці Ініса, падрыхтаваць яго з лепшага боку.
Бацька Ініса еўрапеец. І хоць маладыя жарабцы часта маюць шалёны характар і пераключаюць увагу на кабыл, якія стаяць побач, Ініс не такі. Ён выдатна маніторыць абстаноўку, ведае пра кабыл, якія стаяць недалёка, але паводзіць сябе стрымана.

Наезніца ў працэсе падрыхтоўкі жарабца да выступлення не забывае падаваць яму прысмакі, асабліва калі той пачынае праяўляць хваляванне.

- Мы пара, тандэм, які павінен быць прыгожым, і нічога не павінна перашкаджаць нашаму поспеху, - гаворыць Настасся, паведамляючы, што яны з Інісам ужо заваявалі залаты медаль на спаборніцтвах бягучага года.

- І хоць сёння канкурэнцыя не меншая, едзем не за перамогай, а каб паглядзець, да чаго мы гатовы, - прызнаецца Настасся і ўдакладняе: - Наезнік ніколі не ведае, як усё пойдзе. Але калі ён нервуецца, то і конь таксама будзе нервавацца. Таму ўключаем пазітыў і дабро!

За размовай не заўважылі, як коскі грывы Ініса аказаліся прыгожа ўкладзенымі, на нагах з'явіліся белыя бінты, якія ахоўваюць сухажыллі і гарманіруюць з брыждамі наезніцы, якая пераапранулася.
- Усё, чаго я дасягнула, - гэта дзякуючы коням. Кожны дзень, прачынаючыся, дзякую лёсу, што яны ёсць у маім жыцці. Я шчаслівы чалавек, таму што маю магчымасць кожны дзень знаходзіцца з такімі цудоўнымі і разумнымі, з тонкім упрыманнем жывёламі, як Ініс, - прызнаецца Настасся Пойта. - Яны захапляюць сваім азартам, чыстымі эмоцыямі. Што б ні рабіла, гэта жывёла штодзённа прысутнічае ў маім жыцці.

- Пайшлі, Ініс, пайшлі, мой зайчык, мой маладзец! - падбадзёрвае Настасся каня, які заходзіць у перавозку.

- Вазьмі цукерку, ты мой красунчык! Ты мой адточаны брыльянт! - гаворыць наезніца.

Жарабец смела крочыць у фургон - і ў дарогу. Праз некаторы час конь і наезніца ўжо ў Ратамцы. Тандэм Настассі і Ініса гатовы да новых перамог у спорце!

Важна памятаць і пра сваю бяспеку

Усіх, хто хоча завесці каня, Настасся Пойта папярэджвае: гэта не толькі вялікая адказнасць, але і вялікая небяспека. Хоць яны і добрыя жывёлы, але вялікія і патрабуюць выхавання. Перш-наперш з канём трэба выбудаваць правільныя ўзаемаадносіны. Тут дапамогуць прафесіяналы, якія навучаць, як узаемадзейнічаць з жывёлай і як стаць ёй сябрам.

- Калі людзі хочуць купіць каня, я заўсёды пытаюся: для якіх мэт? Ці разумеюць яны, што коні - гэта іх сям'я, самі жывёлы не змогуць сябе пракарміць. Былі выпадкі, калі ўжо праз месяц трэба было шукаць новыя рукі для коней. Адназначна, тут любоў да жывёл абавязковая.
Яшчэ важна ведаць асаблівасці іх догляду. Напрыклад, коні не баяцца маразоў, але баяцца скразнякоў. Для іх патрабуецца трохразовае харчаванне. У іх абавязковы рацыён уваходзяць сена і авёс, першае дае энергію, другое - мышачную масу, а яшчэ дабаўляюцца вітаміны: агародніна, морква, яблыкі. Коням патрэбны рух, прагулкі. Для спартыўнага рэзультату - рэжым і абавязковыя трэніроўкі. У час догляду каня важна памятаць і пра сваю бяспеку, што жывёла мае патрэбу ў выхаванні.

Дарэчы, калі ў вас няма ўласнага падворка і часу на набытага сябра, каня можна аддаць на ўтрыманне прыватнаму клубу. Гэта ў месяц, вядома, абыходзіцца нятанна. Ды і паслуга трэнера - за асобную плату.

- Утрыманне каня - справа дарагая, - адзначае Настасся Пойта і робіць выснову: - Я заўважыла такую заканамернасць: калі ў вас з'яўляецца конь, следам за ім знаходзяцца і сродкі на яго ўтрыманне.

Сёння ў Беларусі шмат клубаў, якія даюць урокі верхавой язды і праводзяць спартыўныя трэніроўкі. Іх адрасы можна знайсці ў інтэрнэце, але раней, вядома, варта праверыць інфармацыю аб трэнерах, пачытаць водзывы.

- Дарэчы, таму, хто хоча проста пазнаёміцца з коньмі, пакарміць іх альбо пракаціцца вярхом, можна пабываць у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі, які знаходзіцца ў Ратамцы. Тут ёсць аддзяленне пракату коней, - запрашае Настасся. - Пасля таго як трэнер пераканаецца, што чалавек упэўнена трымаецца ў сядле і знайшоў агульную мову з канём, можна выязджаць і на прыроду. Язда вярхом, напрыклад па лесе, часта раскрывае невядомыя нам раней эмоцыі. Дзеці пры ўзаемадзеянні з коньмі становяцца больш дружалюбнымі, адказнымі, смелымі.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Тамара МЯДЗВЕДЗЕВА,
фота Яна ГАРБАНЮКА,
газета "7 дней".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі