Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 чэрвеня 2019, 10:45

Дэпутаты прынялі законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў прыняла сёння на пасяджэнні ў першым і другім чытаннях законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Законапраект распрацаваны па даручэнні Прэзідэнта. "У Беларусі заўсёды прымяняецца прынцып гуманізму ў адносінах да асоб, якія адбываюць пакаранне. Дзяржава не толькі карае, але і дае магчымасць асуджаным, якія выправіліся, датэрмінова вызваліцца ад адбывання пакарання", - сказаў, прадстаўляючы дакумент у парламенце, міністр унутраных спраў Юрый Караеў.

Ён расказаў пра асаблівасці законапраекта. Тэрмін яго выканання павялічаны з 6 да 9 месяцаў. Прапануецца скараціць пакаранне на адзін год не толькі асобам, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя ч. 1 арт. 328, але ч.ч. 2 і 3 гэтага артыкула. "У норму закона аб амністыі, якая прадугледжвае скарачэнне тэрміну пакарання, уведзена дадатковая катэгорыя - непаўналетнія. Ім тэрмін пакарання прапануецца скараціць на два гады", - адзначыў міністр.

Юрый Караеў падкрэсліў, што амністыя не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы, пералік якіх пазначаны ў дэкрэце ад 10 мая 2019 года нумар 3.

Як паведамлялася, амністыя будзе прымяняцца толькі да асоб, якія станоўча характарызуюцца і цалкам кампенсавалі ўрон, прычынены злачынствам.

Прапануецца не распаўсюджваць амністыю на тых, хто раней ёю скарыстаўся, але зноў учыніў злачынства. Гэта ж адносіцца і да тых, хто злосна парушае ўстаноўлены парадак адбывання пакарання, асоба небяспечных рэцыдывістаў. Амністыя не будзе распаўсюджвацца на тых, хто ўчыніў пэўныя катэгорыі злачынстваў. Сярод іх злачынствы супраць жыцця і здароўя чалавека, палавой недатыкальнасці, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, карупцыйныя злачынствы.

Прыняцце закона аб амністыі і яго рэалізацыя не прывядзе да пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі. Амністыя прымяняецца, як правіла, да тых, хто ўпершыню асуджаны да пазбаўлення волі за злачынствы, якія не адносяцца да катэгорыі цяжкіх альбо не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі.

Законапраект распрацоўваўся Міністэрствам унутраных спраў сумесна з Вярхоўным судом, Генеральнай пракуратурай і іншымі зацікаўленымі ведамствамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі