Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 кастрычніка 2020, 12:38

Дэпутаты прынялі ў другім чытанні папраўкі ў пенсійныя законы

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты на пасяджэнні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб змяненнях законаў па пытаннях пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Павел Сільчонак, дакумент аб'ядноўвае ў сабе тры законапраекты. Два з іх былі ўнесены на вясеннюю сесію і прыняты ў першым чытанні. Трэці паступіў у Палату прадстаўнікоў у жніўні гэтага года з Савета Міністраў. "Законапраекты прыводзяцца ў адпаведнасць з нормамі ўказа і аб'ядноўваюць шэраг заканадаўчых актаў, якія датычацца пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", - адзначыў ён.

Паводле слоў дэпутата, законапраект прадугледжвае дадатковую сацыяльную абарону шэрага грамадзян. "У першую чаргу шматдзетных сем'яў, грамадзян з інваліднасцю, а таксама сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Новаўвядзенні закрануць індывідуальных прадпрымальнікаў, тых, хто заняты ў сферы агра- і экатурызму, рамеснікаў і іншыя катэгорыі грамадзян", - падкрэсліў Павел Сільчонак.

Парламентарый удакладніў, што ў тых умовах, калі індывідуальныя прадпрымальнікі па шэрагу прычын спынілі прадпрымальніцкую дзейнасць, яны маюць права не выплачваць страхавы ўзнос, і адпаведна гэта будзе ўлічвацца пры налічэнні пенсіі. "Што датычыцца шматдзетных сем'яў, то скарачаецца страхавы стаж для маці, якія выхоўваюць чацвярых і больш дзяцей. Акрамя таго, скарачаецца стаж для маці або бацькаў (гэта значыць у залежнасці ад афармлення) па выхаванні дзяцей-інвалідаў. Павялічваецца пенсійная надбаўка да сацыяльнай пенсіі для маці або бацькаў, што выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, страхавы стаж якіх перавышае 20 гадоў", - дадаў ён.

Пасля прыняцця ў Авальнай зале законапраект паступіць у Савет Рэспублікі і потым у Адміністрацыю Прэзідэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі