Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 красавіка 2020, 16:36

Дэпутат расказаў, як можна будзе адмовіцца ад дастаўкі рэкламы ў паштовыя скрынкі

1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў на вясенняй сесіі плануе прыняць у другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы аб рэкламе. У ліку навацый - людзі змогуць адмовіцца ад таго, каб у іх паштовыя скрынкі кідалі лістоўкі, паведаміў сёння ў час брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Віктар Нікалайкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аўтары законапраекта прапануюць абавязаць рэкламадаўцаў, распаўсюджвальнікаў неадкладна спыняць дастаўку рэкламы ў паштовую скрынку па першым патрабаванні яго ўласніка або іншага законнага ўладальніка. Паводле слоў Віктара Нікалайкіна, адмовіцца ад лістовак людзі змогуць любым зручным спосабам. "Можна накіраваць пісьмо, СМС, павесіць на паштовай скрынцы або дзвярах пад'езда аб'яву для распаўсюджвальнікаў рэкламы, што жыхары катэгарычна супраць атрымання лістовак", - расказаў дэпутат.

Парламентарыі свядома не сталі ўскладняць і прапісваць нейкі вызначаны спосаб адмовы ад рэкламы, напрыклад, заказным пісьмом. "Вырашылі не ўскладняць. Інакш людзі не будуць гэтым займацца", - растлумачыў ён. З распаўсюджвальнікамі рэкламы разлічваюць працаваць па прынцыпе даверу. Але адказнасць за парушэнні патрабавання ўсё ж такі плануецца прадугледзець.

Падобная навацыя прапануецца і ў частцы распаўсюджвання рэкламы па тэлефоне, стацыянарным і сотавым, па электроннай пошце. Для гэтага спатрэбіцца згода абанентаў або адрасатаў.

Змяненні будуць датычыцца таксама гукавой рэкламы ў грамадскім транспарце: яе прапануецца забараніць, як і рэкламу на прычэпах. Некаторыя навацыі чакаюць і СМІ. Так, плануецца адмяніць забарону на трансляцыю рэкламы ў дзіцячых перадачах, змяніць парадак яе паказу ў адукацыйных праграмах і дзіцячых мастацкіх фільмах. Акрамя таго, закон дапаўняецца нормай, па якой рэклама не павінна змяшчацца ў прадукцыі замежных тэлевізійных СМІ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі