Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 лютага 2022, 09:07

Дэпутат аб змяненнях у Канстытуцыю: мы выбудоўваем стратэгію будучыні

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прымаючы лёсавызначальнае рашэнне па змяненні Канстытуцыі, мы выбудоўваем стратэгію будучыні, заявіў карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Іван Мамайка.

"Традыцыйнае пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту ў 2022 годзе набыло асаблівы сэнс, паколькі менавіта цяпер нам трэба будзе прыняць лёсавызначальнае рашэнне па змяненні Асноўнага закона. Мы выбудоўваем стратэгію будучыні, і для нас усіх самае галоўнае - гэта наша краіна. Як наша слова адгукнецца ў Канстытуцыі, так мы і будзем выбудоўваць краіну. Менавіта таму ў пасланні Прэзідэнта прагучалі пытанні да беларусаў. І яны маюць глыбокі сэнс", - сказаў Іван Мамайка.

Дэпутат нагадаў, з часу прыняцця дзеючай Канстытуцыі як фундаменту суверэннай дзяржавы прайшло больш за чвэрць стагоддзя. "Калі гаварыць шчыра, то, па сутнасці, Канстытуцыя 1994 года - гэта крызісная Канстытуцыя. Неабходна ўспомніць 1994 -1995 гады: зарплаты, эквівалентныя $10- $20, як выглядалі тады гарады, раёны і вобласці нашай краіны, што такое гіперінфляцыя, які быў узровень злачыннасці, што такое адсутнасць нармальнай жыллёвай палітыкі, пастаянныя чэргі ў магазінах, няхватка тавараў, лякарстваў і ўсё астатняе. На фоне ўсяго гэтага, калі трэба было наводзіць жорсткі парадак і ўстанаўліваць кантроль улады, адзінай эфектыўнай формай сацыяльнай мабілізацыі была тая Канстытуцыя, па якой мы цяпер жывём. 27 гадоў пры моцнай прэзідэнцкай уладзе метадам проб і памылак мы будавалі краіну, канцэнтравалі яе развіццё на ключавых, базавых момантах. Мы пабудавалі іншую дзяржаву. За гэты час выраслі новыя пакаленні, больш свабодныя, якія не ведаюць, што такое таварны дэфіцыт і жыццё ў беднасці, якія глядзяць па-іншаму на сістэму размеркавання ўладных паўнамоцтваў у краіне. Гэта важна і добра", - адзначыў ён.

Іван Мамайка падкрэсліў, што мяняецца сацыяльная структура краіны, неабходны палітычныя змяненні. "І Прэзідэнт цяпер мае права задаць нам гэтыя пытанні - ці гатовы мы цяпер самі, сваёй працай, узважаным, удумлівым падыходам, без паспешлівых высноў, не паддаючыся на бясконцыя інфармацыйныя ўкіды, прыняць выклік часу і падзяліць цяжар адказнасці за сваю маладую суверэнную дзяржаву? Ці гатовы мы ў рамках няпростага дыялогу сучаснага грамадства і дзяржавы, ва ўмовах гібрыдных войнаў прыняць эстафету і без ломкі дасягнутага прадоўжыць яго эвалюцыйнае развіццё? - канстатаваў ён.

Унясенне змяненняў у Канстытуцыю - гэта аб'ектыўны наступны этап развіцця. Разам з тым, на погляд дэпутата, праект змененай Канстытуцыі павінен мець характар пераемнасці. Ніякіх заканадаўчых узрушэнняў не павінна быць. "Таму што закон апрыёры не церпіць мітусні. А Канстытуцыя - гэта базіс усяго, - дапоўніў ён. - Канстытуцыя - гэта стратэгія большасці, якую павінны выконваць усе. Таму надзвычай важна вельмі акуратна падысці да гэтага праекта, каб потым, праз 20-30 гадоў нашага далейшага развіцця як суверэннай дзяржавы, калі надыдзе час і ў гэтым будзе неабходнасць, гэтыя нормы наступныя пакаленні маглі ўдасканальваць у адпаведнасці з узнікаючымі жыццёвымі рэаліямі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі