Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лютага 2019, 18:07

Дэпазіты на сямейны капітал у Беларусі адкрыты больш як на $640 млн

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на 1 лютага бягучага года адкрыта крыху больш за 64 тыс. дэпазітных рахункаў на сямейны капітал на суму $641,77 млн, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Адной са знакавых мер доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў з 2015 года стаў сямейны капітал. Ён назначаецца ў памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. У 2015 годзе было адкрыта амаль 11,6 тыс. дэпазітных рахункаў, у 2016-м - каля 19 тыс., у 2017-м звыш 16,8 тыс. і ў 2018-м - амаль 15,5 тыс.

У сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей заканадаўства прадугледжвае 11 відаў дапамог. Гэта разгалінаваная сістэма пастаянна ўдасканальваецца, улічваючы патрэбы сацыяльна слабаабароненых катэгорый сем'яў, шматдзетных і іншых. На пачатак гэтага года 516,4 тыс. дзяцей так ці інакш атрымлівалі падтрымку ў выглядзе дапамогі. З 1 лютага бягучага года сумы выплат выраслі ў сувязі з павелічэннем памеру бюджэту пражытачнага мінімуму і сярэднямесячнай зарплаты. Малазабяспечаным сем'ям дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўляецца ў выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.

У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады рэалізуецца шэраг мер, накіраваных на падтрымку мацярынства. На ўмацаванне ўнутрысямейных адносін, павышэнне прэстыжу і каштоўнасці сям'і і сямейных адносін, стабілізацыю інстытута шлюбу накіраваны мерапрыемствы Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Беларусі на 2017-2020 гады. Асаблівая ўвага ў ім удзяляецца аказанню ўсебаковага садзейнічання сем'ям ва ўмацаванні шлюбу, пашырэнню розных форм інфармавання бацькоў па пытаннях адказнага бацькоўства, выхавання, культурнага развіцця і захавання здароўя дзяцей.

Сёння адна з важных задач дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі - давесці сумарны каэфіцыент нараджальнасці (сярэдняя колькасць нараджэнняў на адну жанчыну) да 2. Па выніках мінулага года гэты паказчык склаў каля 1,4, сведчаць даныя Белстата.

Як пазітыўны момант можна адзначыць тэндэнцыю зніжэння дзіцячай смяротнасці: калі ў 2011 годзе памерлі 420 дзяцей ва ўзросце да года, то ў мінулым - 234. У цэлым жа натуральнае змяншэнне насельніцтва, паводле папярэдніх вынікаў 2018 года, склала 25 543 (нарадзіліся 94 388 чалавек, памёр 119 931). Усяго насельніцтва Беларусі на пачатак 2019 года склала 9 млн 475,6 тыс. У Белстаце падкрэслілі, што ў даных не ўлічаны народжаныя і памерлыя ў 2018 годзе і зарэгістраваныя ў 2019-м.

Прадаўжаецца тэндэнцыя, якая намецілася ў 2016 годзе, па змяншэнні колькасці зарэгістраваных шлюбаў. За 2018 год вузамі Гіменея звязалі сябе 60 714 пар, у той жа час развяліся 33 152 пары. На паўтара года (з 2011-га) вырас сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб і ў мужчын, і ў жанчын - да 28,1 і 26 гадоў адпаведна. На паўторны шлюб мужчыны асмельваюцца прыкладна ў 41,3 года, жанчыны - у 38,1. Услед за "сталеннем" шлюбнага жыцця, вырас і ўзрост мацярынства - у сярэднім беларускі цяпер нараджаюць бліжэй да 30 гадоў, першынца - у 26,7 года. З 2011 года паказчык нараджэння пятага і наступных дзяцей паступова расце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі