Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2021, 09:01

Дэлегат УНС: калі малады спецыяліст пабудуе дом у вёсцы, ён нікуды не паедзе

21 студзеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Галоўная задача ў развіцці рэгіёнаў - утрымаць спецыялістаў у сельскай мясцовасці, а для гэтага трэба забяспечыць моладзь работай, жыллём і дастойнай зарплатай. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дэлегат Усебеларускага народнага сходу ад Бешанковіцкага раёна Аляксандр Пятроўскі.

Аляксандр Пятроўскі - настаўнік працоўнага навучання і чарчэння ў бешанковіцкай сярэдняй школе нумар 2. На маючым адбыцца Усебеларускім народным сходзе яму хацелася б абмеркаваць пытанні павышэння прэстыжу рэгіёнаў. "Аб гэтым нямала гаворыцца на ўзроўні рэспублікі, і я цалкам згодны, што ўзровень жыцця ў вёсцы трэба павышаць. Моладзь імкнецца ў вялікія гарады, але ж і ў глыбінцы ёсць чым займацца. Вядома, жыллё - першаснае пытанне для маладых людзей. Я лічу, што калі б у маладога спецыяліста была магчымасць пабудаваць дом самому, то ён нікуды б не паехаў, а застаўся б там, дзе звіў сваё сямейнае гняздо", - адзначыў дэлегат.

Важным фундаментам для будучыні моладзі з'яўляецца работа. Нават калі спецыялісту ёсць дзе жыць, без дастойнай зарплаты ён не зможа існаваць. Менавіта таму трэба адкрываць больш прадпрыемстваў, асабліва прамысловых, у рэгіёнах. Гэта дапаможа не толькі новаму працоўнаму папаўненню, але і стане фінансавай падушкай бяспекі для раёна. Следам за развіццём прамысловага сектара будзе пашырацца і сацыяльная інфраструктура вёскі. А значыць, рэгіён будзе моцным.

Таксама педагога хвалююць і некаторыя пытанні змяненняў у школьнай праграме. "Цяпер чарчэнне выкладаюць толькі ў дзясятым класе. Раней яго вывучалі ў дзявятым. Але вучні, якія пасля базавай школы паступаюць у ССНУ, вельмі многае страчваюць. Асабліва калі выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці. Цяпер у адукацыі шмат увагі ўдзяляецца атрыманню тэхнічных прафесій. І калі навучэнцы прыходзяць у каледжы без базавых ведаў у чарчэнні, гэта ўскладняе працэс іх навучання. Я лічу, што гэты прадмет трэба вывучаць якраз у дзявятым класе, тады выпускнікам школ будзе лягчэй вучыцца на наступных ступенях адукацыі", - адзначыў Аляксандр Пятроўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі