Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 студзеня 2021, 18:30

Дэлегат УНС: гісторыка-культурная спадчына беларусаў - вялікі патэнцыял, які трэба развіваць

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Багатая духоўная і культурная спадчына беларусаў - вялікі патэнцыял, які трэба развіваць і ўдасканальваць. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся рэжысёр народнага тэатра дзяржаўнай установы "Бярэзінскі раённы цэнтр культуры" Мікалай Пытляк, які вылучаны дэлегатам на VI Усебеларускі народны сход.

"Гістарычны шлях нашай краіны ўнікальны. Мы сабралі багатую духоўную і культурную спадчыну, а гэта вялікі патэнцыял, які неабходна развіваць і ўдасканальваць. Самабытныя нацыянальныя традыцыі, якія часта не маюць аналагаў у іншых краінах, гістарычныя і прыродныя славутасці - усё гэта наша адметнасць, здольная зацікавіць як жыхароў краіны, так і прыцягнуць турыстаў з-за мяжы. Развіццю гісторыка-культурнай спадчыны трэба ўдзяляць увагу, таму што яна можа стаць дадатковым рэсурсам, які ў пэўнай ступені будзе падмацоўваць эканоміку краіны, таму на VI Усебеларускім народным сходзе паспрабую абазначыць важнасць развіцця сферы культуры ў бліжэйшыя гады", - сказаў Мікалай Пытляк.

Паводле слоў дэлегата, дзяржава павінна быць гарантам фінансавай падтрымкі развіцця мастацтва і культуры. Важна матэрыяльна падтрымліваць творчыя калектывы, дапамагаць у фінансаванні мерапрыемстваў, якія накіраваны на аднаўленне традыцый і звычаяў беларускага народа, а таксама прадаўжаць работу па рэстаўрацыі гістарычных аб'ектаў. "Ёсць адзін прыклад. Дзякуючы энтузіязму людзей і бюджэтнаму фінансаванню ўжо многія гады мы праводзім у горадзе фестываль "Бярэзінская рампа". Ён становіцца падзеяй, якая прыцягвае тэатралаў з іншых месцаў, і на працягу трох дзён радуе гледачоў разнажанравымі пастаноўкамі. Гэта мерапрыемства дае людзям магчымасць адкрываць для сябе новае, культурна праводзіць час, адукоўвацца і натхняцца, што адбываецца дзякуючы падтрымцы дзяржавы", - адзначыў Мікалай Пытляк.

Сярод праблемных пытанняў, якія хвалююць дэлегата, - невялікія заработныя платы ў работнікаў культуры, якія часта становяцца прычынай звальнення таленавітых людзей, а таксама падтрымка маладых спецыялістаў. "Не ўсе ідэі моладзі гатовы падтрымліваць і дапамагаць рэалізоўваць, хоць менавіта яны прыўносяць свежае дыханне ў сферу. Перашкодай нярэдка становіцца і адсутнасць даступнага жылля для маладых спецыялістаў нашай сферы, - падкрэсліў Мікалай Пытляк. - Крытыкаваць лёгка. Але важна разумець, што трэба не проста хацець якасных змяненняў, але і прыкладаць намаганні для развіцця сферы сваёй дзейнасці. Нельга заставацца абыякавым і апускаць рукі, таму ўсе праблемныя пытанні буду ўзнімаць на Усебеларускім народным сходзе".

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі