ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 5 снежня 2023
Мінск -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 верасня 2023, 14:34

Дажджы, туман і да +28°С. Якім будзе надвор'е ў Беларусі з 22 па 27 верасня

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 28 градусаў цяпла, кароткачасовыя дажджы і туман чакаюцца ў Беларусі 22 верасня. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Бліжэйшыя дні, хутчэй за ўсё, стануць развітальным акордам адыходзячага лета. У канцы тыдня сярэднясутачная тэмпература паветра чакаецца на 6-10 градусаў цяплей, чым звычайна. Прычынай гэтага стане паступленне па заходняй перыферыі блакіруючага антыцыклону з цэнтрам над Паволжам вельмі цёплых паветраных мас з Балканскага паўвострава. Пераважна ў паўднёвай частцы краіны паветра прагрэецца да 26-28 градусаў. У дзённы час па рэспубліцы чакаецца парывісты, месцамі моцны парывісты вецер. І галоўнае - на змену сонцу паступова прыйдзе дажджлівы фронт", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 22 верасня, ападкі малаверагодныя. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы непрацяглы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 10-15 градусаў, а месцамі - плюс 7-9 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 22-27 градусаў.

У суботу, 23 верасня, уначы месцамі па захадзе краіны пройдзе кароткачасовы дождж. Раніцай і ўдзень з тэрыторыі Польшчы пачне перамяшчацца франтальны раздзел, які прынясе на заходнюю палову краіны кароткачасовыя дажджы, а ў асобныя раёны - навальніцы і моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы дасягне плюс 11-18 градусаў, а ўдзень - 21-28 градусаў цяпла.

У нядзелю, 24 верасня, тэрыторыя краіны будзе знаходзіцца пад уплывам кантраснага атмасфернага фронту, услед за якім пачнуць паступаць халаднаватыя паветраныя масы з Балтыйскага мора. На большай частцы тэрыторыі рэспублікі прагназуюцца дажджы, уначы месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах навальніцы, удзень месцамі моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад плюс 12 да плюс 18 градусаў, а ўдзень у паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах - ад 16 да 23 градусаў вышэй за нуль. Па паўднёвым усходзе тэмпература павысіцца да 24-28 градусаў.

У пачатку наступнага тыдня асноўным надвор'еўтваральным фактарам стане заходнееўрапейскі антыцыклон, які сфарміруецца ў халаднаватай паветранай масе над Германіяй і будзе перамяшчацца праз Беларусь на цэнтральныя раёны еўрапейскай часткі Расіі. Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у краіне зноў усталюецца сухое надвор'е. Хоць тэмпература панізіцца, яна па-ранейшаму будзе перавышаць кліматычную норму на 2-5 градусаў.

З панядзелка па сераду, 25-27 верасня, ападкі ў асноўным не прагназуюцца, толькі ў панядзелак па паўднёвым усходзе захаваецца ўплыў франтальнага раздзелу, які адступае на Расію. У начны і ранішні час магчымы туман.

Так, у панядзелак, 25 верасня, уначы чакаецца плюс 6-13 градусаў, а па паўднёвым усходзе - да плюс 16 градусаў. Удзень тэмпература паветра будзе ў межах ад 17 да 23 градусаў цяпла.

У аўторак, 26 верасня, уначы прагназуецца плюс 2-9 градусаў, а месцамі па поўдні - да плюс 13 градусаў. Удзень пацяплее да 17-24 градусаў.

У сераду, 27 верасня, уначы тэмпература будзе вагацца ад плюс 2 да плюс 9 градусаў, а ў асобных раёнах, у асноўным па паўднёвым захадзе, да плюс 13 градусаў. Удзень сіноптыкі абяцаюць 20-26 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі