Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 мая 2020, 13:17

Дажджы, навальніцы і моцны вецер чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджы, навальніцы і моцны вецер чакаюцца ў выхадныя ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Балканскі цыклон, нацэліўшыся на суседнюю Украіну, ужо ў пятніцу накрые Беларусь палямі дажджавых воблакаў і істотна папоўніць скарбонку ападкаў. На сёння асаблівы дэфіцыт ападкаў адчуваецца ў паўднёвых рэгіёнах краіны", - адзначылі сіноптыкі.

У пятніцу, 29 мая, умовы надвор'я ў Беларусі будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты ад паўднёвага цыклону, цэнтр якога ў дзённыя гадзіны прагназуецца паміж Гомелем і Чарнігавам. Таму будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу па паўднёвым усходзе пройдуць дажджы, часам моцныя, навальніцы. Раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюць моцныя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер будзе паўночны, паўночна-ўсходні парывісты, днём у многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 7-13 градусаў цяпла, днём - 13-18, па паўднёвым усходзе - 19-23 градусы вышэй за нуль.

У гэтыя выхадныя Беларусь апынецца пад уплывам актыўных маларухомых атмасферных франтоў ад паўднёвага цыклону, цэнтр якога змесціцца на Бранскую вобласць. Таму захаваецца дажджлівае надвор'е.

У суботу, 30 мая, будзе пераважаць воблачнае надвор'е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць працяглыя дажджы, днём па паўднёва-ўсходняй частцы месцамі моцныя. У асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Вецер будзе паўночна-ўсходні, паўночны ўмераны, ноччу па захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі моцны парывісты. Ноччу прагназуецца 8-15 градусаў цяпла, днём - 13-20 вышэй за нуль, па паўночным усходзе - да плюс 23 градусаў.

У нядзелю, 31 мая, будзе воблачна, днём з праясненнямі. Часам чакаюцца дажджы, ноччу месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер будзе паўночна-ўсходні, на большай частцы тэрыторыі - моцны парывісты. Тэмпература паветра складзе 8-15 градусаў цяпла, днём - плюс 15-20, па поўначы - да 22 градусаў вышэй за нуль.

У пачатку наступнага тыдня атмасферны ціск вырасце, воблакаў і дажджоў стане менш, вецер пачне сціхаць. У панядзелак, 1 чэрвеня, чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькі ў асобных раёнах па паўднёвым усходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер прагназуецца паўночна-ўсходні ўмераны. Ноччу будзе ад 6 да 12 градусаў цяпла, днём - плюс 14-21 градус.

Паводле папярэдняга прагнозу, у першай пяцідзёнцы чэрвеня сапраўднага лета цяпла не будзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі