Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 мая 2021, 14:53

Дажджы і навальніцы чакаюцца ў Беларусі ў канцы тыдня

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджы і навальніцы чакаюцца ў Беларусі ў канцы тыдня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Пасля перыяду цёплага і сухога надвор'я ў бліжэйшыя суткі сітуацыя ў атмасферы зменіцца.

У чацвер, 13 мая, тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца пад уплывам атмасферных франтоў і халаднаватай паветранай масы. На большай частцы рэспублікі пройдуць дажджы, ноччу і раніцай месцамі чакаюцца моцныя дажджы. У дзённы час у асобных раёнах дажджы будуць суправаджацца навальніцамі. Вецер ноччу пераменных напрамкаў умераны, днём паўднёва-ўсходні парывісты, месцамі па поўначы моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 5-11 градусаў. Днём будзе плюс 10-16, па паўднёвым захадзе да 20 градусаў цяпла.

У пятніцу, 14 мая, краіна застанецца ў зоне франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з Украіны. На большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 5-12 градусаў. Днём будзе ад 15 да 22 градусаў цяпла.

У суботу, 15 мая, надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску і няўстойлівая паветраная маса, якая распаўсюджваецца з паўднёвага захаду Еўропы. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах навальніцы. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 7-12 градусаў. Днём будзе ад 14 да 21 градуса цяпла.

У нядзелю, 16 мая, дажджоў і воблачнасці стане менш, дажджы пройдуць месцамі па краіне і будуць мець кароткачасовы характар, днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 6-11. Днём будзе ад 18 да 24 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі