Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 мая 2021, 15:04

Дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Актыўны паўднёвы цыклон, якому нямецкія сіноптыкі далі імя "Даніэль", ідучы з паўднёва-ўсходніх раёнаў Польшчы ўздоўж нашых заходніх меж, у першыя майскія дні прынёс на тэрыторыю Беларусі інтэнсіўныя дажджы і моцны парывісты вецер. Так, за дзень 2 мая і ноч 3 мая месцамі па краіне сума выпаўшых ападкаў дасягнула 20-30 працэнтаў месячнай нормы. Па меры праходжання цыклону ў многіх раёнах узмацняўся вецер парывамі да 15-20 м/с, месцамі да 22 м/с", - расказалі ў Белгідрамеце.

Сёння ўдзень Беларусь па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў халоднай тылавой частцы цыклону, цэнтр якога будзе размяшчацца над Пскоўскай вобласцю Расіі. У многіх раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, па паўночным захадзе з мокрым снегам. Моцны парывісты вецер захаваецца на большай частцы тэрыторыі краіны. Дзённыя максімумы тэмператур складуць 3-9 градусаў вышэй за нуль, у паўднёва-ўсходніх раёнах - плюс 10-13.

У аўторак, 4 мая, уначы Беларусь яшчэ будзе знаходзіцца ў тылавой частцы цыклону, які ідзе на Наўгародскую вобласць Расіі, а ўдзень надвор'е будзе вызначаць няўстойлівая паветраная маса. Таму ўначы на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (дождж, мокры снег), удзень месцамі кароткачасовыя дажджы. У многіх раёнах чакаецца заходні моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да плюс 5, удзень - 9-15 градусаў цяпла.

Пасля гэтага да канца рабочага тыдня Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам атмасферных франтоў, якія ідуць з Заходняй Еўропы. У сераду, 5 мая, на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымы навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні, паўднёвы парывісты, удзень месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 3-9 градусаў вышэй за нуль, па паўночным усходзе - ад нуля да плюс 2. Удзень будзе ад плюс 11 па паўночным захадзе да 20 градусаў цяпла па паўднёвым усходзе.

У чацвер, 6 мая, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, заходні парывісты, раніцай і ўдзень месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 4-11 градусаў вышэй за нуль, удзень - 8-15 градусаў цяпла.

У пятніцу, 7 мая, уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 8-15 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе - да плюс 18.

"У цэлым першая дэкада мая ў Беларусі чакаецца на 1 градус ніжэйшай за кліматычную норму", - прагназуюць у Белгідрамеце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі