
3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Разглядаецца пытанне арганізацыі інтэрнэт-трансляцый пасяджэнняў з Авальнай залы, заявіў сёння журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да нас паступаюць звароты грамадзян нават не з просьбай, а з патрабаваннем ажыццяўляць трансляцыі пасяджэнняў з Авальнай залы. Гэта вітаецца на ўсіх узроўнях. Думаю, у бліжэйшы час гэта будзе разгледжана, і на вясеннюю сесію, хутчэй за ўсё, мы ўжо выйдзем з трансляцыямі ў інтэрнэт-фармаце на сайце Палаты прадстаўнікоў. Таму што тэхналогіі гэта дазваляюць. Мы проста будзем выкладваць у эфір нашы пасяджэнні", - расказаў Генадзь Давыдзька.
Парламентарый адзначыў, што асноўная дыскусійная работа праходзіць на пасяджэннях профільных камісій. Разам з тым абмеркаванні законапраектаў прадаўжаюцца ў Авальнай зале. "Шэрагу нашых выбаршчыкаў будзе цікава такая адкрытасць. Гэта адзін з тых інструментаў, якія вельмі важныя ў сучасным палітычным моманце", - дадаў ён.-0-