Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лютага 2019, 14:35

Даступнасць выкладання служыць у Беларусі асноўным крытэрыем ацэнкі падручнікаў - эксперт

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў якасці аднаго з асноўных крытэрыяў ацэнкі новых падручнікаў выкарыстоўваюць даступнасць выкладання матэрыялу. Аб гэтым у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі (НІА) Валянціна Гінчук.

У НІА працуюць над тым, каб падручнікі былі напісаны даступнай мовай. "Звяртаем увагу аўтараў на тое, што тут мае значэнне і даўжыня сказаў, і логіка выкладання, і лексічныя абароты, якія выкарыстоўваюцца. Напрыклад, у падручніках не трэба злоўжываць абстрактнымі назоўнікамі, даданымі сказамі, аднароднымі членамі сказа. З аднаго боку, яны ўпрыгожваюць тэкст, але з іншага - ускладняюць успрыманне асноўнага вучэбнага матэрыялу. Даступнасць яго выкладання - гэта адзін з асноўных крытэрыяў ацэнкі школьных падручнікаў", - падкрэсліла яна.

Валянціна Гінчук дадала, што ўсе новыя падручнікі праходзяць псіхолага-педагагічную экспертызу. Спецыялісты ацэньваюць даступнасць выкладання вучэбнага матэрыялу з улікам пазнавальных магчымасцей вучняў канкрэтнага ўзросту.

Дырэктар НІА адзначыла, што сёння можна часта чуць меркаванне аб неабходнасці вярнуць старыя савецкія падручнікі. "Мы вельмі дэталёва прааналізавалі вопыт савецкага вучэбнага кнігавыдання і ўзялі на ўзбраенне лепшае - аптымальныя суадносіны тэкстаў, ілюстрацыйнага і метадычнага апарату, прыёмы даступнага выкладання вучэбнага матэрыялу", - расказала яна. Валянціна Гінчук растлумачыла, што ў лепшых савецкіх падручніках, якія ў свой час былі адзначаны дзяржаўнымі прэміямі, сталі лаўрэатамі розных конкурсаў, асноўнага вучэбнага тэксту было ўсяго 57 працэнтаў. Усё астатняе - дадатковыя матэрыялы, ілюстрацыі і метадычны апарат, накіраваны на засваенне матэрыялу. "Сучасных аўтараў мы арыентуем менавіта на гэтыя лічбы. Праводзім для іх семінары, дзе расказваем аб магчымых метадычных прыёмах рэалізацыі патрабаванняў да сучаснага школьнага падручніка", - адзначыла спецыяліст.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі